Як развіваецца малы бізнес у раёне?

Date 12.11.2021 Man
Comment 1385

Звыш 20 % валавога ўнутранага прадукту нашай краіны складае малы і сярэдні бізнес, які можна развіваць у любой геаграфічнай кропцы краіны ў сталіцы альбо ў нешматлюднай вёсцы.

Дзеля гэтага створаны даволі камфортныя ўмовы. Яшчэ на VI Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт краіны, разважаючы на тэму развіцця бізнесу, вызначыў, што рэспубліцы патрэбны ініцыятыўныя людзі. якія павінны працаваць на карысць беларускага грамадства. А як развіваецца малы і сярэдні бізнес у нашым раёне? Што робіцца, каб дапамагчы людзям рэалізаваць сваю ініцыятыву і патэнцыял. І што абавязкова трэба ведаць усім, хто заступае на няпростую сцежку прадпрымальніцкай дзейнасці?

На гэтыя пытанні ў ходзе работы дыялогавай пляцоўкі рэдакцыі разважалі загадчык аддзела эканомікі райвыканкама Марына Фомчанкава, начальнік сектара занятасці упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святлана Сайкоўская, начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Мінаблупраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Святлана Кушнер, начальнік аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Наталля Каравая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Сакалоўская, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Кацярына Аўрамчык, уладальніца салона прыгажосці «Шык» Галіна Чарнаморцава, галоўны рэдактар газеты “Бярэзінская панарама” Юлія Букель і адказны сакратар Мілана Трапянок.

Дыскусія паміж экспертамі аказалася нефармальнай.

І толькі на чацвёртым месцы бытавыя паслугі

Тон канструктыўнай размове задала Марына Фомчанкава, якая спынілася на ролі прадпрымальніцтва ў эканоміцы раёна:

— Адразу зазначу, што з 1996 па 2021 гады шматразова ўзрасла колькасць суб’ектаў гаспадарання. Калі ў 1996 годзе налічвалася 174 прадпрымальнікі і 59 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, то сёлета па стане на 1 кастрычніка іх зарэгістравана ў раёне адпаведна 598 і 123. Паступленні плацяжоў у бюджэт раёна дасягнулі за 10 месяцаў бягучага года звыш 2 мільёнаў рублёў, а іх удзельная вага ва ўсіх плацяжах склала 12,7 працэнта. Таму мы ніяк не можам пагадзіцца з меркаваннем, што малы бізнес у раёне спыніў свае развіццё. Чым жа часцей за ўсё займаюцца бярэзінскія прадпрымальнікі і самазанятыя? Рэйтынг іх відаў дзейнасці ўзначальваюць лесанарыхтоўкі, якія складаюць 20% ад усіх відаў. На другім месцы ўпэўнена стаіць работа грузавога аўтамабільнага транспарту і толькі на трэцяй пазіцыі знаходзіцца рознічны гандаль. Ён прадстаўлены 160
індывідуальнымі прадпрымальнікамі, 260 аб’ектамі, у тым ліку 74 — на вёсцы, якія належаць гандлёвым сеткам “Санта –
Рытэйл”, “Пухавічыгандаль”, “Дабраном” і “Еўраапт”. І 17 працэнтаў дзейнасці прыходзіцца на бытавыя паслугі, куды
ўваходзяць цырульні, рамонт аўтамабіляў, абутку і вопраткі, устаноўка дахаў, паслугі лазняў і саўны, электрамантаж.

Садзейнічае росту сектара малога і сярэдняга бізнесу скарачэнне колькасці ліцэнзаваных відаў дзейнасці, спрашчэння патрабаванняў і ўмоў вядзення дзейнасці, даступнае крэдытаванне і зацікаўленасць ў яго развіцці з боку мясцовых улад у плане павелічэння даходаў у бюджэт і заробку бярэзінцаў. Дарэчы, сярэдні заробак у раёне за 9 месяцаў павялічыўся ў параўнанні з леташнім перыядам на 115,5% і дасягнуў 1080,7 рубля.

Спрыяе росту зацікаўленасці да тэмы малога бізнесу спрошчаны працэс рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка.

Патрэбнае пасведчанне можна атрымаць не пазней, чым праз дзень пасля падачы заявы, фотаздымкаў і копіі плацежнага дакумента на выплату дзяржаўнай пазыкі ў памеры 0,5 базавай велічыні.

Але сказаць, што ўсе рэзервы для развіцця і малога і сярэдняга бізнесу вычарпаны, мы не можам, бо хочам прыцягнуць як мага больш людзей у эканоміку, узняць на новы ўзровень турызм, адрадзіць былыя традыцыі і промыслы, пашырыць сетку паслуг і памножыць даходы.

Я не бізнесмен

— Для таго, каб рэалізаваць сябе ў бізнесе, яўна недастаткова толькі падтрымкі мясцовых улад, патрэбна вялікае жаданне рэалізаваць сябе і сваю ідэю. Вось і я, перад тым, як стаць самазанятай, вельмі хацела несці людзям прыгажосць. Не магу сказаць, што гэта было проста і ўдалося літаральна з першага дня. Таму гэта справа для энергічных і мэтынакіраваных асоб, майстроў, якія пажадаюць сваё хобі зрабіць працай.

Я ад выбранай справы атрымліваю задавальненне і даход, — заўважае Галіна Чарнаморцава.

Спачатку грошы, затым – крэслы

— Для падтрымання суб’ектаў гаспадарання аказваецца матэрыяльная дапамога, — падтрымлівае тэму Святлана Сайкоўская, — у выглядзе субсідыі. На яе смела могуць разлічваць беспрацоўныя ў наладжванні прадпрымальніцкай дзейнасці, аграэкатурызму і рамесніцтва. На сённяшні дзень сума дапамогі налічвае, прыкладна, для жыхароў сельскай мясцовасці і горада 3168 рублёў, і яна можа быць выкарыстана на канкрэтныя мэты – набыццё інструментаў, сыравіны, аплату паслуг і іншыя. Для атрымання грошай патрэбна толькі заява і бізнес-план. Прадастаўляюцца субсідыі беспрацоўным усяго адзін раз. У нашым раёне сёлета ўжо сталі атрымальнікамі субсідый 3 чалавекі, якія выбралі ўласнай справай адкрыццё касметычных салонаў і дыягностыку аўтамабіляў. Ёсць магчымасць выдзеліць у гэтым годзе яшчэ адну субсідыю.

Грант ад БРСМ

— Акрамя гэтага, можна атрымаць грашовы грант на рэалізацыю сваіх ідэй ад ГА “БРСМ”, — дадала Кацярына Аўрамчык. — Разлічваць на дапамогу могуць маладзёжныя і дзіцячыя арганізацыі, установы адукацыі і актывісты, якія маюць праекты, накіраваныя на прыцягненне ў творчую дзейнасць і сацыяльную практыку. Заяўку і пакет дакументаў трэба адправіць на працягу лістапада па адрасе: г. Мінск, вуліца Карла Маркса, 40, ГА “БРСМ”. Лічу гэту акцыю цікавай для нашай ініцыятыўнай моладзі і раю паспяшацца з падачай дакументаў.

І малы бізнес плаціць падаткі

— Аб гэтым варта памятаць кожнаму, хто знаходзіцца ў пагоні за жаданнем працавць толькі на сябе, — заўважыла Наталля Каравая, — таму не забывайцеся пасля атрымання пасведчання аб рэгістрацыі завітаць у падатковую інспекцыю і сачыць за новаўвядзеннямі ў выплаце падаткаў. Існуе некалькі відаў падаткаабкладання. Ад сябе зазначу, што самазанятым крыху прасцей. Яны выплачваюць адзіны падатак і не ўваходзяць у план праверак, маюць права, а не абавязак выплачваць узносы. Куды складаней індывідуальным прадпрымальнікам, да якіх прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні і трэба быць уважлівымі пры выплаце падаткаў.

І пра дастойную пенсію не забудзь!

— Падаткі — падаткамі, але і пра страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і вядзенне персаніфікаванага ўліку варта памятаць, — падкрэсліла Святлана Кушнер. — Цяпер ужо на вашы плечы кладзецца абавязак адказваць за сваю будучую пенсію і пенсію сваіх работнікаў. Таму, каб справіцца з гэтай сацыяльнай бухгалтэрыяй, мы гатовы даваць кансультацыі кожнаму пачынаючаму сваю справу рамесніку, прадпрымальніку і самазанятай асобе.

Мы рады кожнай ініцыятыве

Напрыканцы работы дыялогавай пляцоўкі кожнаму з экспертаў прапанавалася выказаць сваё пажаданне людзям, якія мараць весці ўласную справу, а вынікі мерапрыемства падвяла Галіна Сакалоўская:

— З сённяшняй дыскусіі зразумела, што ніякіх штучных перашкод малы і сярэдні бізнес у нашым раёне не мае, бо хутка можна зарэгістравацца, вырашыць пытанне з крэдытаваннем, навучыцца плаціць падаткі і страхавыя ўзносы ў фонд.

Аднак гэта справа не для ўсіх. Не варта ісці ў бізнес, калі няма рэальнага бізнес-плана, лідарскіх якасцей, выключнай
працавітасці, гібкасці, самаадукацыі і разумнай рызыкі. Вось чаму бізнес не заўсёды атрымліваецца ў навічкоў і выклікае мноства крытыкі з боку апазіцыі.

Аднак раённыя ўлады заўсёды гатовы падтрымаць цікавыя ідэі і праекты і будуць толькі ўмацоўваць сувязі бізнеса з уладай, каб палепшыць эканоміку раёна, ствараць новыя працоўныя месцы і памнажаць даходы людзей.

Адно з пытанняў паступіла ў рэдакцыю па тэлефоне.

— Я афіцыйна працаўладкаваны. Ці магу займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю?

Адказвае намеснік пракурора Бярэзінскага раёна Андрэй Філончык:

— Ніякіх перашкод у гэтым няма, калі вы не з’яўляецеся дзяржаўнай ці адказнай асобай, альбо прыроўненых да іх. Гэта абмежаванне прадугледжана Законам РБ “Аб барацьбе за карупцыяй”, за парушэнне якога пагражае адміністрацыйная адказнасць.

Застаецца дадаць, што тэма наступнай дыялогавай пляцоўкі “Безбар’ернае асяроддзе”. Яна запланавана на 17 лістапада. Пройдзе ў раённым цэнтры культуры ў 11.00. Рэдакцыя чакае вашых пытанняў і прапаноў! Прыняць удзел у дыялогавай пляцоўцы можна асабіста. А таксама задаць пытанні, даслаўшы іх на электронную пошту, у групах у сацыяльных сетках альбо па тэлефоне 6-32-71.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER