Калі ж наваселле?

Date 04.02.2022 Man
Comment 505
Калі ж наваселле?

Падчас дыялогавых пляцовак самым актуальным пытаннем было: “Калі ж нарэшце адкрыецца будынак бібліятэкі пасля рэканструкцыі, дзе будзе і маладзёжны цэнтр, і ЗАГС?”

Мы вырашылі даведацца, ці хутка ж наваселле.

— Гэтым днямі тут штодзень працуе каля 50 чалавек, – расказвае прараб будаўнічага ўпраўлення №153 г. Барысава Аляксандр Ходзін. — Вядуцца ўнутраныя аддзелачныя работы будынка – малярныя, абліцовачныя, тынковачныя, устаноўка перагародак, кладка з блокаў сценак прыбудовы, дзе будзе танцпляцоўка, уцяпленне фасада. Будынак атрымаецца шматфункцыянальны. Работы вядуцца ў адпаведнасці з графікам і, спадзяюся, нараканняў на іх якасць не будзе.

— Працавалі на гэтым аб’екце не толькі прадстаўнікі БУ-153, — дадае начальнік КДУП “УКБ Бярэзінскага раёна” Ірына Саскавец, — Акрамя іх, на іншых відах субпадрадных работ (наружныя сеткі, ацяпленне, водазабеспячэнне, каналізацыя і аналагічныя ўнутраныя работы) былі заняты прадстаўнікі ААТ “Савентбел ВВК”, а наша ДРБУ-192 займалася добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі, дакладней – устанаўлівала аўтастаянкі (яшчэ некалькі іх з’явіцца ва ўнутраным двары бібліятэкі, работы там пачнуцца з наступленнем адпаведных умоў надвор’я).

У ходзе будаўніцтва, а вядзецца яно за бюджэтныя сродкі, было адзначана некаторае прыпыненне работ, што было звязана з карэкціроўкай праектнакаштарыснай дакументацыі. Яно і зразумела: гэта не новы аб’ект, які ўзводзіцца “з нуля”, а рэканструкцыя дома, якому ўжо больш за 60 гадоў. Да таго ж, пры арганізацыі работы мы імкнуліся захаваць яго першапачатковы непаўторны знешні выгляд, каб будынак не страціў сваёй арыгінальнасці і ўнікальнасці.
Распачалася рэканструкцыя летась 15 чэрвеня і плануецца завяршыць да 9 мая – Дня Перамогі.

– Новы аб’ект стане яшчэ адным культурным цэнтрам горада і годна папоўніць сабой разгалінаваную інфраструктуру райцэнтра, стане побач з фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам “Лазурный”, басейнам, раённым цэнтрам культуры, Домам рамёстваў і зонай адпачынку каля штучнага возера ўпадабаным месцам для маладых людзей, дзе яны змогуць актыўна правесці вольны час і праявіць свае здольнасці і таленты, – каменціруе намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Навіцкі. – Прыемна і тое, што ў ходзе работ па рэканструкцыі будынка бібліятэкі нам удалося захаваць яго першапачатковы арыгінальны знешні выгляд. Думаю, што з гадамі ён не страціў сваёй утульнасці і стане, дзякуючы свайму будаўнічаму рашэнню (устаноўцы пандусаў і пад’ёмніка), даступным кожнаму бярэзінцу. Пагадзіцеся, што такая новабудоўля – сапраўды, важкі падарунак бярэзінцам да Дня Вялікай Перамогі. Таксама плануецца добраўпарадкаваць сквер насупраць будынка бібліятэкі.

— Будынак атрымліваецца шматфункцыянальным, — дадае І. Саскавец, — бо будзе змяшчаць у сабе не толькі бібліятэку (у тым ліку і дзіцячую), разлічаную на 25-40 наведвальнікаў, чытальную залу, але і ЗАГС з асобнымі пакоямі для жаніха і нявесты, залы для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў, выставачную залу, маладзёжную танцавальную залу з невялікім барам, якую можна будзе выкарыстоўваць і для іншых мэт. Танцавальная зала (яе першапачаткова планавалася размясціць тут жа, у двухпавярховіку) знаходзіцца асобна ад будынка бібліятэкі, але служыць яго працягам: уваход у яе будзе ажыццяўляцца праз невялікую галерэю. Прымыкаць да залы будзе невялікая летняя тэраса. Бар разлічаны на 50-60 наведвальнікаў, танцзала – на 80. Такім чынам, адначасова тут зможа адпачыць да 140 чалавек. Лічу, што для нашага горада гэтага дастаткова.

Унутры танцавальнай залы будуць устаноўлены відэакамеры з вывадам малюнка непасрэдна ў аддзяленне дэпартамента аховы. Такія ж відэакамеры будуць устаноўлены і па перыметры будынка. Яны будуць адлюстроўваць усё, што адбываецца навокал, а таксама на аўтамабільных пляцоўках: будзе ўпарадкавана паркоўка на 14 машына-месцаў.
Рэканструкцыя праводзіцца ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі сённяшняга дня і з улікам наведання будынка і праводзімых тут мерапрыемстваў людзьмі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У прыватнасці, уваходы абсталяваны пандусамі, а на другі паверх можна будзе трапіць не толькі па лесвіцы, але і з дапамогай пад’ёмніка.
Памяшканне аснашчана санвузламі. Дом падключаны да цэнтральнага ацяплення, якое ўжо сёння падаецца ад кацельні, якая абслугоўвае гарадскую лазню і будынак суда. Дадатковае хараство яму надасць зона адпачынку – парк, які размешчаны цераз вуліцу. Захаваецца зялёная зона і вакол самой бібліятэкі.

Лічу, што пасля завяршэння ўсіх работ на будаўнічым аб’екце гэты куточак горада набудзе вельмі прыцягальны выгляд і дасць некалі такой ажыўленай і шматлюднай былой прывакзальнай плошчы новае жыццё. Няхай і надалей маладзее наша любімае
Беразіно!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER