Стаць медыкам – прэстыжна!

Date 24.05.2022 Man
Comment 795
Стаць медыкам – прэстыжна!

Медыцынская прафесія ніколі не страціць актуальнасці і будзе запатрабаванай, а значыць, урач, фельчар, медсястра ніколі не застануцца без работы, а пацыенты – без патрэбнай дапамогі.

Менавіта ў гэтым пераканаліся вучні выпускных класаў школ горада і раёна, калі наведаліся на сустрэчу з медперсаналам Бярэзінскай ЦРБ, якая была праведзена ў рамках прафарыентацыйнай работы з мэтай дапамагчы моладзі вызначыцца з выбарам прафесіі. Што ж гэта за прафесія, з чым давядзецца сутыкнуцца, калі звяжаш жыццё з медыцынай? Аб усім па парадку.

Спачатку тэорыя

Выбраць прафесію медыка – гэта натуральна выбраць лёс. Менавіта такая рыторыка прагучала ў выступленні галоўурача Крысціны Крук. Прыводзячы ўласны прыклад, Крысціна Аляксандраўна распавяла пра тое, як сама выбірала прафесію і стала ўрачом, пазнаёміла прысутных з тонкасцямі, асаблівасцямі і нюансамі ў рабоце доктара, і цалкам акрэсліла алгарытм дзеянняў патэнцыяльнага абітурыента, які захоча паступаць у медыцынскі каледж або ўніверсітэт. Звярнула ўвагу на тое, куды звяртацца, і якія дакументы патрабуецца сабраць.

Калектыў Бярэзінскай ЦРБ – заўсёды прыемныя і ветлівыя людзі. Гэту думку выказала загадчык сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Святлана Сайкоўская. Яна засяродзіла ўвагу на тым, што бальніца – гэта заўсёды чысціня і парадак. Працуючы ў лячэбнай установе, чалавек заўсёды будзе сацыяльна абароненым. Урачу заўсёды знойдзецца месца працы. Святлана Уладзіміраўна таксама расказала пра актуальнасць мэтавых накіраванняў і як сабраць дакументы для паступлення.

Выбраць прафесію

У пэўным сэнсе хірургія ў шэрагу іншых накірункаў на пярэднім плане медыцыны, таму задзейнічаны тут самыя лепшыя і таленавітыя. Каб быць хірургам, трэба валодаць не толькі тэарэтычнымі ведамі і практычным вопытам, але яшчэ мець патрэбную маторыку рук і пальцаў, мець вытрымку і цярпенне, быць моцным фізічна развітым, бо на практыцы здараюцца выпадкі, калі даводзіцца некалькі гадзін стаяць на аперацыі. Аднак лепшая ўзнагарода – чыёсьці ўратаванае жыццё – натхняе і ўмацоўвае думку, што выбраў прафесію правільна, і ты патрэбен на гэтым месцы як спецыяліст. У вольны ж ад работы час можна і гітару ўзяць у рукі, або паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, ці ў карысных грамадству мерапрыемствах, як гэта заўсёды робіць урач Уладзімір Савасцеенка. Да хірургіі шлях быў доўгім. Адразу закончыў каледж і працаваў медбратам на Гомельшчыне, пасля стаў фельчарам, працаваў памочнікам урача. Потым паступіў у медуніверсітэт і дасягнуў мары стаць хірургам, аб чым Уладзімір Валер’евіч ні разу не пашкадаваў і заклікаў прысутных паспрабаваць сябе ў гэтай справе – стаць урачом.

Быць медсястрой

Міласэрнасць спадарожнічала і была неад’емнай якасцю медыка з самага дзяцінства. Пра тое распавяла старшая медсястра Таццяна Ліпніцкая. Нездарма ў далёкім мінулым медсястра так і называлася – сястрой міласэрнасці. Таццяна Пятроўна растлумачыла, з якой цеплынёй і дабрынёй сустракаюць у ЦРБ маладых выпускніц медкаледжаў, якім у хуткім часе давядзецца на практыцы спасцігнуць асаблівасці работы. Неабходную базу ведаў яны ўжо атрымалі ў навучальнай установе, але трапляючы ў лячэбную ўстанову, у пэўным сэнсе праходзяць своеасаблівую спецыялізацыю. У хірургічным аддзяленні атрымліваюць больш ведаў пра хірургію, перавязкі і інструменты. У акушэрскім, інфекцыйным, або іншых аддзяленнях – паўсюль прысутнічае больш вузкае кола абавязкаў, спасцігаць якія трэба праходзячы школу медыцынскай сястры.

Дарэчы, Таццяна Пятроўна працуе ў бальніцы з 1995 года, закончыла Барысаўскі медкаледж. Маецца яшчэ і вышэйшая педагагічная адукацыя – скончыла факультэт лячэбнай фізкультуры Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Старшай медсястрой працуе з 2013 года.

На сустрэчы прысутнічала 40 школьнікаў, 8 з якіх у выніку гутаркі вырашылі адназначна пасля школы паступаць у профільныя медыцынскія ўстановы адукацыі.

Потым практыка

Потым для будучых абітурыентаў адбылася адкрытая экскурсія па аддзяленнях, звязаных з аказаннем экстраннай дапамогі. Школьнікі змаглі ўласнымі вачамі ўбачыць, чым займаюцца медыцынскія работнікі.

Загадчыца прыёмнага аддзялення Наталля Балоткіна расказала пра работу медперсаналу ў прыёмным аддзяленні, калі паступае пацыент, якія праводзяцца маніпуляцыі: электракардыяграма, агляд, рэнтген – пры неабходнасці. Потым папярэдняе выстаўленне дыягназу і прыняцце рашэння: пацыент або накіроўваецца на шпіталізацыю, або пасля аказання дапамогі адпраўляецца дамоў.

Майстар-клас па накладанні павязак у хірургічным аддзяленні прадэманстравала медсястра Зарына Гоцман. Тут таксама трэба быць уважлівым, пільным і спрытным.

А вось наведванне клініка-дыягнастычнай лабараторыі выклікала асаблівую цікавасць. Тут дзякуючы старшаму фельчару-лабаранту Алесі Жоравай і лабаранту Марыі Шаўчэнка школьнікі змаглі на практыцы ўбачыць, як праводзіцца аналіз крыві. З дапамогай сучаснай дыягнастычнай апаратуры выявіць узровень глюкозы і гемаглабіну ў пробе.

Перад школьнікамі таксама выступіла загадчык кадравага сектара Бярэзінскай ЦРБ Кацярына Бурцава, якая пакінула кантактныя тэлефоны для высвятлення пытанняў, звязаных з паступленнем у профільныя навучальныя ўстановы.

- Як толькі атрымаеце школьныя атэстаты, неадкладна прыходзьце да мяне за накіраваннем, - падкрэсліла Кацярына Аляксандраўна.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER