За радком храналогіі Бярэзіншчыны

Date 19.07.2022 Man
Comment 583
За радком храналогіі Бярэзіншчыны

«Храналогія гісторыі Бярэзіншчыны”, якую пакінуў нам у спадчыну былы славуты краязнаўца Бярэзіншчыны Пётр Прыбыткін, - вельмі ўнікальная праца, якая ахоплівае гісторыю нашага рэгіёна з перыяду каменнага веку і да 2000 года.

Сотні і сотні фактаў захоўвае яна, шмат прозвішчаў, у тым ліку і асоб, імёны якіх сёння носяць нашы вуліцы. Але колькі за прыведзенымі радкамі асобных фактаў хаваецца недарасказаных далейшых лёсаў і падзей!

Чытаем адзін з запісаў храналогіі: “1933 год, 7 сакавіка стрэлам праз акно з абрэза паранены старшыня Капланецкага сельсавета Андрэй Губіч”.

Падобнага чыну акты барацьбы з прадстаўнікамі новага ладу жыцця не былі ў той час станаўлення Савецкай улады рэдкасцю. І гэта таксама адлюстравана ў храналогіі. Так, 11 ліпеня 1932 годзе ў в. Пуцькава быў учынены падобны замах на жыццё старшыні Сялібскага сельсавета Сцяпана Крыварота, 14 жніўня 1936 года - на старшыню Высакагорскага сельсавета Саковіча, 19 студзеня 1939 года быў забіты актыўны член Дзмітравіцкага сельсавета Іван Чайкоўскі…

Першай жа ахвярай кулацкіх разборак на Бярэзіншчыне стаў адзін з першых камсамольцаў раёна Мікалай Рыбачонак, якога забілі ў снежні 1924 года. У гонар яго ў Багушэвічах устаноўлены помнік, біяграфія і лёс маладога патрыёта добра вядомы ў адрозненне ад далейшага лёсу тых барацьбітоў за Савецкую ўладу, якія засталіся жывымі пасля спробы забіць іх.

Такім чынам, сёння мы раскажам пра лёс аднаго з такіх людзей – Андрэя Губіча. Як высветлілася, нарадзіўся ён у 1909 годзе ў бядняцкай сям’і сяльчаніна в. Тылькаўка Высакагорскага сельсавета Герасіма Губіча. Адразу ж пасля заканчэння школы юнак працаваў справаводам мясцовага сельсавета, затым – сакратаром Арэшкавіцкага сельскага Савета. З канца 1930 года, маючы за плячыма ўсяго 21 год, А. Губіч становіцца старшынёй Бярэзінскага і Капланецкага сельсаветаў.

Слабую работу мінулага кіраўніцтва Капланецкага сельсавета выкарысталі кулакі для арганізацыі класава-варожай дзейнасці, накіраванай на зрыў
важнейшых мерапрыемстваў, што ўкараняліся тады на вёсцы.

7 сакавіка 1933 года, калі Андрэй Губіч праводзіў сход у вёсцы, стрэлам праз акно з абрэза кулакі паранілі яго ў грудзі. Паўгода праляжаў ён у бальніцы, але малады арганізм перамог. Вылечыўся, зноў узяўся за работу і вывеў сельсавет на перадавое месца ў раёне.

Аналагічным чынам арганізаваў ён работу і ў адстаючым на той час Каменнаборскім сельсавеце, які ўзначаліў пасля гэтага. Так, тут уборачную кампанію 1934 года правялі на паўмесяца раней, чым у 1933 годзе пры высокай якасці работы. Да 1 верасня выканалі план збожжанарыхтовак дзяржаве. У першых чыслах кастрычніка была завершана ўборка бульбы і выкананы план бульбанарыхтовак. Калгасы, калгаснікі і працоўныя аднаасобнікі прадалі дзяржаве 54 тоны лішкаў хлеба. Перадавым стаў сельсавет і па апрацоўцы і здачы льновалакна, а таксама па многіх іншых паказчыках.

Усе гэтыя поспехі былі дасягнуты дзякуючы таму, што вакол сельсавета і яго маладога старшыні згуртаваўся шырокі актыў з ліку лепшых ударнікаў-калгаснікаў і перадавых аднаасобнікаў. Усе актывісты былі замацаваны за асобнымі ўчасткамі – калгаснымі брыгадамі і дзесяцідворкамі аднаасобнікаў, дзе пад кіраўніцтвам прэзідыума сельсавета праводзілася шырокая масава-растлумачальная работа сярод насельніцтва па выкананню ўсіх мерапрыемстваў партыі і ўрада. Актыўны ўдзел у арганізуемых справах прымалі мясцовыя камсамольцы.

Пасля работы па ўзначальванні Каменнаборскага сельсавета да 1939 года Андрэй Губіч працаваў у Беразіно, затым быў накіраваны на работу ў Заходнюю Беларусь. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны А. Губіч адпраўляецца на фронт у якасці палітрука. Але з капітуляцыяй фашысцкай Германіі яго баявы шлях не завяршаецца – яго накіроўваюць на разгром мілітарысцкай Японіі. Менавіта там і завяршыўся баявы і жыццёвы шлях нашага земляка пасля цяжкага ранення.

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER