Чытаем газету ў абедзенны перапынак

Date 07.07.2023 Man
Comment 1494
Чытаем газету ў абедзенны перапынак

У кожнай бухгалтэрыі прадпрыемства існуе свой асаблівы каларыт. Ёсць ён у кабінеце адкрытага акцыянернага таварыства “Багушэвічы” . Тут перш-наперш сярод некалькіх сталоў скрозь засланых дакументамі і справаздачамі ў вочы кідаецца незвычайны і нават арыгінальны набор, які складаецца з талеркі з салодкімі прысмакамі, танометра і вялікага стоса свежых газет, ад якіх ідзе водар друкарскай фарбы. Як высветлілася, без гэтых рэчаў вясковыя бухгалтары не ўяўляюць ніводнага свайго працоўнага дня.

Рытуал - чытаць газеты

- Нічога дзіўнага не бачу, - гаворыць бухгалтар гаспадаркі Валянціна Шалупенка. – усім вядома, што салодкае стымулюе працу мозга. А як без гэтага ў моры лічбаў? Ды і ад вялікай колькасці розных даручэнняў і акіяну падлікаў нярэдка падскоквае ціск. А супакойвае і настройвае на добры лад чытанне газет. У нас нават рытуал такі існуе чытаць і гучна абмяркоўваць прачытанае ў абедзенны час.

Дарэчы, мясцовы паштальён прыносіць у гаспадарчую кантору некалькі друкаваных выданняў. Гэта газеты “Беларускі час”, “Мінская праўда” і “Бярэзінская панарама”.

 

На першым месцы ўсе ж “БП”

Аднак хітрыць крыху Валянціна, бо самай зацёртай да дзір выглядае на агульным фоне “Бярэзінская панарама”.

- Колькі сябе памятаю, столькі ў маім жыцці раённая газета, - гаворыць жанчына. - Я ж яе выпісваю аж з 1986 года. А гэта пагадзіцеся ўнушальны тэрмін. Ды вось толькі ў гэтым месяцы ўпершыню не паспела аформіць падпіску. Аднак думаю, што гэта не бяда. Прыйдзе паштальён і мы ўмомант дамовімся аб падпісцы.

Не верыць жанчыне не даводзіцца. Яна шмат гадоў працуе ў Багушэвічах і жыве справамі гаспадаркі.

- Таму ў першую чаргу чытаю матэрыялы пра сваё сельгасапрадпрыемства, - дадае Валянціна, - нашых работніках, вяскоўцаў. У свой час наша гаспадарка налічвала некалькі соцень работнікаў і мноства аб’ектаў, ганарылася вялікім атрадам механізатараў і жывёлаводаў, працоўнымі дынастыямі і важкімі поспехамі на ферме і ў поле.

Сёння ўсе вельмі сціпла і мы аддаём даніну павагі за цяжкую працу кожнаму работніку, высока цэнім уклад кожнага. І добра, што наша родная раёнка нас у гэтым падтрымлівае.

Ды і цікава Валянціне ўсё, што адбываецца ў сваім раёне. І тут газета яе лепшы памочнік.

- Не ўпадабала я сацыяльныя сеткі і па-ранейшаму чытаю газету з першага да апошняга радка, - дзеліцца яна, - Вядома ж, люблю віншаванні і рэкламу на апошняй старонцы. Чаму не пацікавіцца, хто святкуе юбілей, і дзе што прадаецца? Гэта цяпер рэклама займае вялікую частку газетнай старонкі, а я памятаю, што пачыналася гэта мода з лічаных радкоў!

Ды і ў пашане пастаяннай падпісчыцы рэпартажы са святаў і мерапрыемстваў, артыкулы пра шчаслівыя сем’і і культурныя падзеі.

- Пачытаеш і нібыта сам пабываеш на месцы, - дадае жанчына, - бо ад кожнага радка аддае пазітывам і энергіяй, вабяць жывыя меркаванні людзей і іх станоўчы настрой. Таму я заўсёды аддаю перавагу гэтым матэрыялам.

Валянціна – наша чытачка са стажам і да чытання выдання падыходзіць грунтоўна.

 

Патрабуецца душэўнасць

- Я нашай газеце вельмі давяраю, - прызнаецца яна. - У свой час тут друкаваліся рэцэпты прыгатавання страў, большасць з іх я прыгатавала. Хацелася, каб ізноў гэта рубрыка вярнулася на старонкі газеты. Паглядзіце колькі
сёлета у людзей ягад, а хутка агуркі пойдуць. Таму тэрмінова патрабуюцца новыя рэцэпты хатніх нарыхтовак.

Есць у жанчыны і яшчэ пажаданні да нашага выдання.

- Усе ідзе як і належыць, але пажадана, каб яна заставалася душэўнай, блізкай і зразумелай простым людзям. Ведаеце, мая бабуля дагэтуль успамінае маленькія, але такія кранальныя матэрыялы Ніны Федаровіч пад рубрыкай “Жыццёвыя гісторыі”. Яны былі напісаны так таленавіта, што надоўга западалі ў душу, і абуджалі ў нас самыя светлыя і шчымлівыя пачуцці. Можа надышоў час адрадзіць гэту рубрыку і надаць іншым матэрыялам душэўнасці?

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Івана Жукоўскага.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER