Маёнтак графа Патоцкага

Date 15.04.2024 Man
Comment 335
Маёнтак графа Патоцкага

У яго шмат назваў: будынак, маёнтак, палац, проста дом. І кожны раз з дабаўленнем – графа Патоцкага.

Розныя меркаванні бытуюць і наконт таго, колькі ж гадоў першаму двухпавярховаму гмаху Беразіно: ці пабудаваны ён у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, або яму столькі ж, колькі і роду Патоцкіх. Існуюць вакол гэтай сядзібы і легенды, у тым ліку і пра падземныя хады, якія быццам давалі магчымасць графу прама з дома трапляць на спіртзавод або нават да свайго аканома ў Слабаду. Вось, бадай, і ўсе нашы веды пра бярэзінскі ўнікальны архітэктурны помнік. Давайце ж разам адновім некаторыя, ужо сцёртыя гадамі, веды пра велічны будынак.

Як і многія іншыя сядзібныя комплексы эпохі класіцызму, маёнтак Патоцкіх у Беразіно быў закладзены крыху адасоблена ад мястэчка, на маляўнічай тэрыторыі з лясным масівам, на высокай тэрасе ракі з відам на шырокія прасторы поймы, з улікам далёкіх перспектыў і ўвагай на воднай роўнядзі. Збудаванне арганічна злілося з навакольным ландшафтам.

Паркава-сядзібны комплекс пабудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя на ўмацаваным бутавай падпорнай сценкай правым крутым беразе ракі Бярэзіны. Сядзібны дом быў мураваны двухпавярховы, прамавугольны ў плане і накрыты вальмавым дахам. У цэнтры галоўнага фасада на чатырох пілонах месціўся мезанін, завершаны трохкутным франтонам. Дом аперазаны прафіляваным карнізам з дэнтыкуламі.

Цэнтральным акцэнтам дваровага фасада з’яўляецца паўкруглы эркер, які накрыты сферычным купалам і члянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі.

Міжпавярховы плоскі пояс раздзяляе фасады на два ярусы. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены руставанымі лучковымі броўкамі. Сіметрыя будынка парушана двухпавярховай прыбудовай да паўднёвай тарцовай часткі (па некаторых звестках на другім паверсе прыбудовы пры Патоцкіх была шкляная аранжарэя, зараз гэты паверх поўнасцю разбураны).

У калідорнай планіроўцы дома вылучаны цэнтральны вестыбюль і круглая парадная зала. Міжпаверхавая лесвіца размешчана асіметрычна ў паўночным канцы калідора. Падмуркі пад вокнамі і ўнутранымі сценамі стажачныя бутавыя і цагляныя. Глыбіня іх залажэння ад 70 да 150 см ад паверхні грунта. Канструктыўна дом пабудаваны з апорнымі вонкавымі падоўжанымі і папярочнымі цаглянымі сценамі першага і другога паверхаў, цаглянымі слупамі (пілонамі) і драўлянымі перакрыццямі. Сувязі паміж перпендыкулярнымі сценамі ажыццяўляюцца перавязкай швоў мура, а таксама анкерамі з каванага металу, усталяванымі ва ўзроўні перакрыццяў.

Фасады будынка абтынкаваны вапнава-пясчаным растворам і афарбаваны. Яны выкананы з простым архітэктурным афармленнем з наяўнасцю карнізаў па фасадах, выступаючых элементаў поруч аконных праёмаў фасада. Вонкавыя сцены першага і другога паверхаў будынка выкананы з керамічнай паўнацелай цэглы на вапнава-пясчаным растворы. З фасадаў і з боку памяшканняў сцены абтынкованы складаным растворам таўшчынёй 30 см. Сцены будынка выкананы не аднолькавай таўшчыні па вышыні. Таўшчыня мура вонкавых сцен першага паверха дасягае 900 мм. Міжпавярховыя перакрыцці сядзібнага дома – драўляныя. Значная частка элементаў перакрыцця згублена. На многіх бэльках ёсць сляды агнявога ўздзеяння.

У час савецка-польскай вайны 1919-1921 гг. у будынку размяшчаўся штаб польскай кавалерыйскай часці. І хоць ён быў папсаваны абстрэламі, пасля яго рамонту тут адкрылі дзіцячы дом на 150 чалавек (1924-1927 гады). У 1928 годзе ў маёнтку пачала працаваць сямігадовая школа, якая ў 1937-м набыла статус сярэдняй. І ў пасляваенны час будынак выконваў тую ж ролю. Апошняе, што тут размяшчалася падчас яго эксплуатацыі, былі склады аддзела адукацыі райвыканкама.

І вось ужо некалькі гадоў будынак з’яўляецца безгаспадарчым.

Паколькі будынак першачаргова быў узведзены для іншых мэт, яго ўнутраная планіроўка была зменена з улікам размяшчэння школьных класаў. За перыяд эксплуатацыі канструкцыйна-планавая схема будынка неаднаразова мянялася: перабудоўваліся асобныя часткі сцен, перагародкі, лесвіцы. Выконвалася замена даху, інжынернага абсталявання, вокнаў, дзвярэй, разбіраліся печы, канструкцыі мезаніна. Выраблялася пракладка сетак цэнтралізаванага водазабеспячэння і каналізацыі. Да галоўнага, параднага ўваходу палаца Патоцкіх вяла брукаваная дарога, абсаджаная ліпамі. У 2014 годзе, падчас будаўніцтва новага моста цераз Бярэзіну вуліцы пашырылі і заасфальтавалі.

Дарэчы, дрэваў вакол дома было пасаджана шмат. Сёння ад колішніх насаджэнняў і вялікіх садоў пана Патоцкага засталіся толькі адзінкавыя дрэвы побач з будынкам і ліпавая алея, што цягнецца ўздоўж ракі побач з гарадскім стадыёнам. Тыповая шляхецкая сядзіба ўключала ў сябе не толькі панскі маёнтак, але і комплекс гаспадарчых пабудоў: афіцына (дом для прыслугі), лазня, стайня, свіран або лямус (своеасаблівае двухпавярховае збудаванне), вяндлярня, сырніца, склеп, лядоўня, калодзеж і інш. На фота-здымку пачатку ХХ стагоддзя відаць, што такія пабудовы былі і ў Патоцкіх у Беразіно.

Дададзім яшчэ колькі тагачасных фактаў. Адметнасцю Бярэзіншчыны тых часоў была вялікая колькасць у лясах дзікай жывёлы, што заўсёды вабіла Патоцкіх у нашы краі на паляванне. У лясах таго часу вялася здабыча смалы, таксама не менш выраблялася «рагож» ці тканіны з валакна ліпавага лубу. Само мястэчка падзялялася на часткі двума ручаямі, праз якія пабудаваны масты. А вось праз Бярэзіну хадзіў паром. Праезд каштаваў 5 капеек за каня і 1 капейка за чалавека. Насупраць мястэчк знаходзіцца двор Слабада, дзе жыў ляснічы графа. Побач, пад берагам ракі, капалі вапну.

Пасля закрыцця будынка не раз рабіліся спробы захаваць гэты аб’ект гісторыка-культурнай каштоўнасці, надаць яму новае жыццё і вярнуць мінулую велічнасць. На жаль, будынак, як помнік культуры, не можа быць проста адрамантаваны. Яго можна толькі адрэстаўрыраваць і надаць першапачатковы воблік. А такія работы падуладныя толькі рэстаўрацыйным арганізацыям і каштуюць яны зусім нятанна. Не раз маёнтак графа Патоцкага выстаўляўся райвыканкамам для продажу, толькі, на жаль, будынак і сёння застаецца ў незайздросным стане.

• Па першым часе сядзібу збіраліся рэстаўрыраваць спачатку навукова-вытворчае аб’яднанне «Цэнтр», затым «Будінвест», але справы закончыліся толькі перакладкай даху.
• З Аўстраліі прыязджаў адзін з нашчадкаў Патоцкіх – пан Анджэй з сынам Конрадам, але і гэты варыянт не завяршыўся поспехам.
• Пасля таго, як будынак быў перададзены на баланс упраўлення па адукацыі, спорце і турызме, прымаліся іншыя варыянты аднаўлення маёнтка, нават вызначаны быў напрамак выкарыстання будынка і прылеглай тэрыторыі. Але зноў штосьці пайшло не так, нібы на гэтым будынку ляжыць нейкае закляцце.

Між тым, час ідзе сваёй чаргой, няўмольна пакідаючы свой адбітак на гэтым дзівосным аб’екце, які сапраўды з’яўляецца адной з найвялікшых гісторыка-культурных каштоўнасцей нашага горада і Бярэзіншчыны ў цэлым. Ці ўдасца ў рэшце рэшт выратаваць яго?


Велічную прастату, строгасць малюнка, сіметрычнасць, ураўнаважанасць і дакладнасць кампазіцыі сядзібы Патоцкіх падкрэсліў гісторык і этнограф А. Урбанскі ў сваім даследаванні: «…прыгожы мураваны палац Патоцкіх. Лініі простыя, з паўкруглым выступам пасяродку. Мае нязвыклую гармонію. Можна сказаць, што палац мае сілу ў прастаце».

Другі гісторык, Р. Афтаназі, у сваёй кнізе выказвае меркаванне: «Хутчэй за ўсё такім жа простым, як звонку, палац быў і знутры. Пакоі рэпрэзентатыўныя знаходзіліся ў ніжняй частцы, на што ўказваюць памеры вокнаў, значна вышэйшых на першым паверсе, чым на другім. Наконт укладу, ведаем толькі, што з боку пад’езду знаходзіўся прасторны вестыбюль, а з дваравога боку – вялікі салон ці бальная зала, размешчаная рызалітам (эркерам). Да яе з двух бакоў прымыкалі залы прамавугольныя. Прыкладна такі ж падзел існаваў, хутчэй за ўсё, і на другім паверсе, які меў характар жылога памяшкання. Ні ўнутраная планіроўка, ні інтэр’ер невядомыя».


Анатоль ПАЛЫНСКІ.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER