Мясцовыя жыхары, пачуўшы навіну пра з’яўленне новага доктара, адразу ўзрушыліся і большай плынню пацягнуліся ў амбулаторыю са сваімі балячкамі і праблемамі.
Тэрапія — гэта маё!
– Наша сям’я была зусім не медыцынскай, – пачала гутарку Анастасія. – Матуля – настаўніца па прафесіі, зараз завуч пачатковых класаў СШ№3, тата ўсё жыццё працаваў вадзіцелем, а сёння вартаўнік і рамеснік.
У пэўным сэнсе для сваіх родных і блізкіх я першаадкрывальніца дадзенай прафесіі, бо ў родзе медыкаў, здаецца, не было. Рашэнне стаць урачом бацькоў не здзівіла, толькі ўзрадвала, бо з самай школы я марыла пра медыцыну і дакладна хацела стаць хірургам. Аднак потым час і сталенне ўнеслі свае карэктывы. Неяк пакрысе наплыло разуменне, што хірургія – гэта не мая сфера, ды ў дзяцінстве не ведаеш усіх нюансаў і цяжкасцей прафесіі. І хоць да хірургіі стаўлюся з вялікай павагай, душа пацягнулася менавіта да тэрапіі. Таму пасля школы я па мэтаваму накіраванню паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на факультэт лячэбнай справы.
Алімпіяды і настойлівасць
З дзявятага класа школы ўдзельнічала ў раённых і абласных алімпіядах па біялогіі. Рыхтавалася, здаецца, ва ўсіх педагогаў-біёлагаў, якія ёсць у нашым горадзе. І веды, набытыя ў час падрыхтоўкі да алімпіяд, вельмі дапамаглі потым падчас паступлення і вучобы.
Працоўныя моманты
І вось мара збылася, я працую медыкам. У калектыве ўспрынялі выдатна, падтрымлівалі, настаўлялі. Магу да любога пазваніць у любы час, каб удакладніць нейкае пэўнае пытанне па рабочых момантах, пракансультавацца. Здаецца, мне прасцей з усімі наладжваць кантакт, бо я сама бярэзінская, і многіх старэйшых калег ведаю з дзяцінства.
Як толькі пачала працаваць, мяне адразу кінулі на перадавую, калі можна так сказаць. Шчыравала і ў тэрапіі, і іншых месцах падчас інтэрнатуры. Двойчы працяглы час у “чырвонай зоне” працавала з хворымі на кавід. Дарэчы, сама перахварэла каранавіруснай інфекцыяй тры разы, аднак у лёгкай форме.
Зразумела, было спачатку няпроста, але я ўдзячна маім калегам-настаўнікам за падтрымку і навуку. Экстрымальныя ўмовы заўсёды даюць магчымасць прафесійна загартавацца.
Зараз прымаю ўсіх, хто з’яўляецца на прыём у амбулаторыю, а гэта па 15-20 пацыентаў за дзень. Даводзіцца ездзіць на выклікі, у тым ліку і да інвалідаў, ветэранаў.
Жыву ў Беразіно, на работу ў Багушэвічы даводзіцца ездіць пяць разоў на тыдзень. Яшчэ 3-4 разы на месяц бываю на начных дзяжурствах у прыёмным аддзяленні Бярэзінскай ЦРБ.
Вакцынацыя
Актыўна ідзе працэс вакцынацыі супраць каранавірусу. Праўда, раз на раз не прыходзіцца, бывае, што прышчапляецца ад 2 да 20 чалавек за дзень, а ў сярэднім за дзень за прышчэпкамі звяртаюцца 5-10 пацыентаў. Прышчапляем кітайскай вакцынай “Верасэл” і расійскай “Спутник-V”. Зараз з’явіўся “Спутник-Лайт”, таму пачнём працэс рэвакцынацыі. Дарэчы, па ўчастку Багушэвіцкай амбулаторыі прышча-пілася 22 працэнты насель-ніцтва. Аднак людзі прышчапляюцца яшчэ ў Беразіно, асобныя ездзяць у Мінск. Быў і такі цікавы выпадак, калі вакцынавацца захацела 96-гадовая бабуля.
Практыкую медытацыі
Наогул, я прыхільніца здаровага ладу жыцця, таму люблю спорт, у прыватнасці ёгу, дзе маецца шмат разнастайных практык, і медытацыя на галоўным месцы. Дакладна, адно са значэнняў слова “медытацыя” – “разважанне”. Гэта калі ты разважаеш над сабой, спазнаеш уласную існасць. Люблю паглыбіцца ў медытацыю, пастаяць на цвіках, гэта дапамагае зняць стрэс і таксама сканцэнтравацца на працоўным дні. Асабіста мне гэта садзейнічае ўнутранаму развіццю. Таксама люблю танцы, кнігі. Любімы пісьменнік Эрых Марыя Рэмарк. Зачытвалася ягонымі кнігамі яшчэ са школы. У сукупнасці ўсе названыя захапленні спрыяюць імкненню да самаўдасканалення і дапамагаюць працаваць.
У перспектыве
Мінула ўжо паўтары гады пасля ўніверсітэта і пачатку работы медыкам, і ўжо ёсць, што параўноўваць. Адна справа прыбыць пасля вучобы з поўным багажом тэарэтычных ведаў, і зусім іншая справа – набыць вопыт практычнай дзейнасці. Вопыт жа я набыла за прайшоўшы час каласальны! Ён дазволіў мне зусім па-іншаму паглядзець на сутнасць маёй работы, зразумець нешта вельмі глыбокае, важнае і асабістае.
У перспектыве мне хочацца расці далей у прафесійным плане, развівацца асабіста, абавязкова набыць вузкую спе-цыялізацыю. Хоць кожны ўрач марыць працаваць у буйнай лячэбнай установе, неабходны вопыт працы з людзьмі, канечне, лепш назапасіць спачатку тут, у сельскай амбулаторыі.
Быць урачом
Быць урачом у маім разуменні – гэта лекаваць не толькі целы, але і душы. Для мяне галоўнае, каб пацыент выходзіў пасля прыёму як мінімум з палепшаным настроем, а ў ідэале – акрылены надзеяй. Галоўным жа бачу падыход да чалавека – абавязкова прафесійны, бесканфліктны. Каб пацыент атрымліваў бадзёрасць і настрой на выздараўленне. Гэта мне ўяўляецца не менш важным, чым назначэнне правільных лекаў. Бо вылечванне хвароб пачынаецца перш-наперш з душэўнай састаўляючай, з жадання чалавека.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.