Не адкладвайце візіт да анколага

Date 10.12.2021 Man
Comment 363
Не адкладвайце візіт да анколага

Сёння мы гутарым з ўрачом-анколагам Бярэзінскай ЦРБ са шматгадовым стажам работы ў сферы медыцыны Тамарай Чахоўскай – прафесіяналам у сваёй справе, якую ведаюць многія жыхары Бярэзіншчыны.

Мы сустрэліся, каб паразмаўляць пра анкалагічныя захворванні, сітуацыю ў раёне ў гэтым плане, метады прафілактыкі і іншае.

– Зараз прыкладна 4 працэнты насельніцтва Бярэзінскага раёна мае анкалагічныя хваробы, – расказвае Тамара Васільеўна. – З моманту пачатку захворвання 55 працэнтаў людзей жывуць 5 гадоў і больш. Аднак не радуе павялічаная колькасць запушчаных анкалагічных выпадкаў.

Паўплывала пандэмія

— Тлумачэнне гэтай запушчанасці мне бачыцца ў адным: на працягу апошніх двух гадоў, колькі доўжыцца пандэмія каранавіруснай інфекцыі, людзі проста баяліся ісці на абследаванне ў паліклініку, таму і складваецца такая кепская сітуацыя.
Да таго ж, кавідная інфекцыя “гасіць” імунітэт, што вельмі адмоўна ўплывае на развіццё анкалагічнага захворвання, якое
ў сваю чаргу таксама б’е па імуннай сістэме чалавека. Таму зараз назіраецца шмат выпадкаў, калі анкалагічная хвароба развіваецца за лічаныя месяцы, хоць звычайна гэты працэс у многіх выпадках займае гады. Зразумела, што ракавая хвароба прагрэсуе і ад марфалагічных прычын, аднак уплыў кавіду проста відавочны.

Праблемы ў жанчын

— Сёлета самыя распаўсюджаныя віды: рак малочнай залозы і шыйкі маткі ў жанчын. Наогул, калі жанчыны прыходзяць на агляд, то робіцца крыўдна, калі назіраеш даўно запушчаную хваробу. Высвятляеш прычыны і нечакана даведваешся, што пацыентка вельмі даўно не наведавалася да ўрача на звычайны прафілактычны агляд. Між іншым, жанчына павінна як мінімум 2 разы на год наведавацца да гінеколага і абавязкова праводзіць анкаскрынінг цыталогіі. Дарэчы, у нас ніколі не было раней такога наплыву пацыентаў з анкалагічнымі паталогіямі шыйкі маткі і малочнай залозы, як сёлета.

А ў мужчын?

На асобным месцы – рак прастаты. Часам мужчыны звяртаюцца за дапамогай, калі ў іх баляць спіны. Яны памылкова лічуць, што пападымалі цяжкае, зашчамілі нерв, нажылі радыкуліт, і ўсё адпаведнае. Добра, калі так! Аднак боль у спіне можа сведчыць пра анкалагічныя праблемы ў прастаце. Зрабіць аналіз на ПСА неабходна ўсім мужчынам старэй за 40 гадоў. Гэта робіцца на бясплатнай аснове ў працэдурным кабінеце.

Сцеражыцеся меланомы

Радзімыя знакі, радзімкі (панавуковаму пігментныя невусы), трэба выдаляць, а не расціць. На любым участку скуры яны заўсёды траўміруюцца, напрыклад, калі цярэш мачалкай, або загараеш на сонцы. Усе ўтварэнні на паверхні скуры могуць выклікаць праблемы. Меланома ж лічыцца ў асяроддзі анколагаў самым непрыемным захворваннем.

Яно вельмі агрэсіўнае і можа даваць цяжкія ўскладненні. Невусы выдаляюцца і ў Бярэзінскай ЦРБ, калі дазваляе лакалізацыя, потым матэрыял адпраўляецца на гісталагічнае даследаванне ў інстытут анкалогіі, дзе выяўляюцца, ці не перарадзіліся вашыя радзімкі ў злаякаснае ўтварэнне. Таму не раю быць на сонцы з адкрытай паверхняй скуры, бо для здароўя важны не сам загар, а сонечнае ўльтрафіялетавае выпраменьванне, якое садзейнічае выпрацоўцы арганізмам вітаміна Д. Гуляць на сонцы – абавязкова, загараць – не.

Дарэчы, хачу сказаць “вялікі дзякуй” нашым маладым урачам-хірургам Аляксандру Балоткіну і Уладзіміру Савасцеенка, якія вельмі акуратна аперыруюць і выдаляюць утварэнні, лакалізацыя якіх дазваляе гэта рабіць у нашай ЦРБ. Яны вельмі якасна праводзяць усе маніпуляцыі, выдаляюць у межах здаровай тканкі, што вельмі важна.

Мінімум 1 раз за 2 гады жанчына павінна праходзіць комплекснае абследванне, здаваць аналіз на вірус папіломы чалавека, праходзіць УЗІ і пры неабходнасці мамаграфію. Мужчынам ва ўзросце ад 45 да 65 гадоў варта хоць раз на год здаць кроў на наяўнасць ПСА (прастат-спецыфічны антыген). Гэты аналіз робіцца ў нас бясплатна.

Важна не зацыклівацца

Што рабіць, калі чалавек захварэў на анкалогію? Часта настойліва раю пацыенту выкінуць з галавы, што хварэе, напрыклад, калі ў яго стаіць 3 клінічная група, бо гэта група выздараўлення! Нельга баяцца, паддавацца паніцы, самотным настроям. Усе людзі смяротныя, і рана ці позна пойдуць са свету, але дакладна не ад гэтай хваробы. Калі 3 клінічная група, усё паспяхова вылечваецца, і толькі ў 1-2 працэнтаў назіраюцца рэцыдывы захворвання. Вось чаму важна своечасова паказвацца ўрачу! На першых стадыях усё добра лечыцца.

Пацыент, які звяртаецца ў Бярэзінскую ЦРБ з выяўленым захворваннем, адпраўляецца на кансультацыю ў інстытут анкалогіі літаральна праз 10 дзён.

Так што важна мець унутраны стрыжань і веру ў выздараўленне!

Рызыка і прафілактыка

У групе рызыкі ўсе людзі. Рак не выбірае кагосьці асаблівага. Вядома, яшчэ адыгрывае сваю ролю генетычны фактар, але ж… Метад прафілактыкі таксама можна сказаць адзіны – важна своечасова паказвацца ўрачам, праходзіць абследаванне раз на год.

Крыўдна, калі маладому чалавеку ўсяго ледзь за 30 гадоў, а ён ужо з прыкметамі меланомы, напрыклад. Анкапошук праводзяць урачы ўсёй агульналекавай сеткі.

Наогул, сёння можна абследаванне правесці з дапамогай здачы аналізу крыві на прысутнасць анкамаркераў розных відаў раку. Гэта можна зрабіць і ў райбальніцы ў працэдурным кабінеце. Удасканальваюцца метады выяўлення і дыягностыкі.

Аднак, важная праблема ў іншым: хвалюе, што людзі ў гэтым плане праяўляюць інэртнасць. Памятайце: выяў-ленне раку на ранняй стадыі — гэта гарантаванае 100-працэнтнае вылечванне. Рэгулярна звяртайцеся да ўрача, і не толькі тады, калі нешта забаліць!

Да таго ж, вельмі важна зрабіць прышчэпкі ад каранавірусу. Бо кавід, паўтаруся, гасіць імунітэт, што паскарае прагрэс анкалогіі пры яе наяўнасці. Беражыце сябе і будзьце здаровымі!

Важна таксама весці здаровы лад жыцця. Правільнае харчаванне, адмова ад цыгарэт і алкаголю – абавязковыя ўмовы. Правакаваць рак могуць шматлікія фактары, і шкодныя звычкі далёка не на апошнім месцы.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER