Французскі герой Бярэзіншчыны

Date 02.07.2022 Man
Comment 579
Французскі герой Бярэзіншчыны

Помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, што размешчаны ў гарадскім скверы, захоўвае шмат людзей розных лёсаў і паходжанняў. Аб’яднала іх адно – геройская смерць за свабоду і незалежнасць нашай краіны, за мір і шчаслівае жыццё.

А ў кожнага ж быў свой цікавы лёс. Колькі іх, выбітых на бетоннай пліце! У ліку прыведзеных прозвішчаў асобна выдзяляецца імя грамадзяніна Францыі Рамана Дзюбаста. Кім жа ён быў, якім чынам аказаўся ён у нашых краях і за якія ідэалы загінуў?

Не па сваёй волі аказаўся гэты 20-гадовы юнак у 1942 годзе на тэрыторыі Беларусі. Прыгналі яго, сялянскага хлопца, сюды сілай зброі і прымусілі апрануць нямецкую ваенную форму. Ён павінен быў удзельнічаць у карных аперацыях супраць мясцовых партызан. Яго хацелі зрабіць забойцам тых, хто ўступіў у смяротную схватку з фашызмам – заклятым ворагам не толькі савецкага народа, але і французаў.

Часць, у якой давялося служыць Раману, размясцілася па абодвух берагах Бярэзіны – у вёсках Аздзяцічы, Віляцічы і Чэрнеўка Барысаўскага раёна і Наваселле і Мурава – Бярэзінскага. Так званы добраахвотны полк, у які залічылі і Р. Дюбаста, гітлераўцы фарміравалі ў асноўным з ліку крымінальных элементаў і асоб, якія трапілі ў яго пад пагрозай знішчэння блізкіх і сваякоў у выпадку адмаўлення служыць вялікай Германіі. Да ліку апошніх адносіўся і Раман. Толькі ён не хацеў быць палачом і ўвесь час знаходжання ў Беларусі шукаў магчымасць перайсці на бок партызан.

І нарэшце такі выпадак падвярнуўся. 10 снежня 1942 года камандаванне палка задумала заслаць да партызан свайго шпіёна. А для таго, каб такі манеўр выглядаў больш-менш праўдзіва, аб’явіла трывогу і на пошукі так званага “ўцекача” адправіла спецыяльную каманду. Папрасіўся ў яе састаў і Р. Дзюбаст. Атрымаўшы дазвол, ён, закінуўшы за плечы карабін, сеў на каня і пусціўся ў дарогу. Дарогу ў нязведанае па незнаёмых мясцінах чужой краіны ў спадзяванні на сустрэчу з народнымі мсціўцамі. Юнак не баяўся таго, што партызаны заб’юць яго, бо ехаў да іх з чыстай душой і светлымі памкненнямі. І калі тая сустрэча адбылася, малады салдат не раз затым даказваў сваёй храбрасцю тое, што яму паверылі недарэмна. Юнаку не сядзелася ў лесе, ён рваўся туды, дзе ішлі баі. У час атак стараўся быць наперадзе, адыходзіў у ліку апошніх.

“Партызаны хутка палюбілі свайго новага таварыша, – чытаем мы ўспаміны былога намесніка камандзіра партызанскай брыгады імя Шчорса Уладзіміра Рыбачонка. – А француз крыху ведаў рускую мову і любіў спяваць савецкія песні, асабліва “Тры танкісты”. У вольную хвіліну заходзіў да мяне ў зямлянку пагутарыць і памарыць. Пасля вайны хацеў вярнуцца дадому і зноў заняцца сваімі буракамі. Паралельна з удзелам у баявых аперацыях аказваў дапамогу ў выкрыцці варожых лазутчыкаў, якія часам пранікалі да нас”.

Жыццё Рамана абарвалася знянацку. У той дзень, 10 кастрычніка 1943 года, ён разам з сябрам па зброі нёс патрульную службу каля в. Марысіна. Раптам яны заўважылі, што па дарозе з Беразіно рухаецца калона фашыстаў. Француз адразу паслаў свайго сябра ў штаб з данясеннем, а сам прыняў рашэнне прыняць бой з цэлым падраздзяленнем. Завязался перастрэлка, у ходзе якой Р. Дзюбаст, знаходзячыся ў акружэнні, знішчыў восем гітлераўцаў. На заклік ворага здавацца, ён адказаў ім прапановай “Вы пераходзьце на наш бок!”. Сілы яўна няроўныя. Вораг насядае. Заканчваюцца патроны. Але карабін па-ранейшаму б’е без промаху. Вось яшчэ адзін акупант трапляе на мушку. Ды варожая куля абрывае жыццё юнага патрыёта.

Неўзабаве на поле бою выехала група партызан, каб забраць цела свайго сябра. Было прынята рашэнне пахаваць героя на могілках вёскі Крупа. На пахаванне прыбылі прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў атрада, быў сярод іх і верны сябар і зямляк Рамана Роберт Джо. Сабралася аддаць даніну памяці і нямала мясцовага насельніцтва, бо за час сваёй партызанскай дзейнасці

Р. Дзюбаст паспеў праявіць сябе добрым таварышам, адчайным байцом і сапраўдным героем Беларусі французскага паходжання.

У брацкую магілу ў цэнтры горада Раман Дзюбаст быў перазахаваны праз некалькі гадоў пасля вызвалення Беларусі, за шчаслівы лёс якой ён аддаў сваё жыццё.

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Наша память - священна Баравінская трагедыя »
« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31