Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж

Date 31.05.2022 Man
Comment 909
Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж

Такі жыццёвы прынцып пракурора Бярэзінскага раёна.

Сёлетні год – знакавы для работнікаў пракуратуры. Яны менш чым праз месяц будуць святкаваць сваё прафесійнае свята. Яны плануюць адзначаць яго з вялікай помпай, бо ў гэтым годзе спаўняецца стагоддзе стварэння пракурорскай службы. Менавіта столькі гадоў стаяць на варце законных інтарэсаў людзей і верхавенства законаў пракурорскія работнікі. А гэта ўжо выдатная нагода пагаварыць з кожным з іх пра іх стаўленне да прафесіі, свае службовыя сакрэты і
прынцыпы работы.

Дзмітрый Макарэвіч у дзяцінстве ніяк не марыў насіць пракурорскі мундзір і выступаць з абвінавачваннем у судзе. У адрозненні ад цэлага атрада юнакоў, якія збіраліся паступаць на юрыдычныя факультэты ў БДУ і Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, ён не вучыўся ў кадэцкіх класах, а азы ведаў спасцігаў у звычайнай сярэдняй школе. Вучыўся юнак старанна, асабліва яму падабаліся гуманітарныя дысцыпліны, ён нават паспяхова выступаў на прадметнай алімпіядзе па рускай мове.

– Сакрэт маёй беспамылковай пісьменнасці ў тым, што я заўсёды шмат чытаў самай рознай літаратуры, не ленаваўся вучыць правілы і пісаць сачыненні, – гаворыць Дзмітрый Пятровіч, – ды і сёння не грэбую асабіста выпраўляць памылкі ў дакументах. Лічу, што кожны чалавек, які носіць форму, абавязаны быць граматным, бо гэта выдае ў ім чалавека адукаванага, які абавязкова выклікае давер у людзей.

Дзмітрый паспяхова паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Тут ён здаваў уступныя экзамены па рускай мове, грамадазнаўстве і, вядома, матэматыцы.

– Наіўна думаць, што большасць праваахоўнікаў – людзі “неглыбокія”, якія лунаюць у свеце сваіх эмоцый і пачуццяў, – зазначае ён. – Наадварот, мы надзейна абаронены ад гэтага ведамі па дакладных дысцыплінах, бо два на два – заўсёды чатыры.

Практыка на трэцім курсе карэнным чынам паўплывала на кругагляд і амбіцыі будучага юрыста. Ён адкрыў для сябе следчую і пракурорскую справу, у ім як быццам абудзіўся дух сышчыка і дазнавацеля.

– Гэта адкрыццё супала з тым, што мяне даўно цікавілі розныя дэтэктывы, якія ў той час набіралі сваю папулярнасць сярод чытачоў, – успамінае Дзмітрый Пятровіч, – і мне хацелася паспрабаваць свае сілы ў гэтай справе.

Жаданні маладога юрыста былі пачуты лёсам, ён становіцца следчым пракуратуры.

– Тады, калі я толькі пачынаў пракурорскую службу, яна ўшчыльную займалася раскрыццем цяжкіх і асабліва цяжкіх спраў, фактаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў і самагубстваў, – гаворыць юрыст, – што было надзвычай няпроста для навічкоў.

Але толькі не для яго. Ён адчуваў сябе нібыта рыба ў вадзе. Працаваў над кожнай справай, нібыта яна апошняя, карпеў над пратаколамі допытаў і месца здарэння, ніколі не лічыў свой вольны час і не скардзіўся на цяжкасці.

– Большасць цяжкіх злачынстваў па статыстыцы учыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення, – заўважае ён. – Таму нярэдка падазраваемы катэгарычна адмаўляе сваю віну. Вось тут перад следчым стаіць задача цалкам да хвіліны аднавіць малюнак злачынства. Гэта бывае няпроста зрабіць нават пры дапамозе розных экспертыз. Таму да кожнага допыту даводзілася грунтоўна рыхтавацца, прадумваць кожнае слова і інтанацыю, ды і паслядоўнасць пытанняў.

Напэўна, такі сур’ёзны і грунтоўны падыход забяспечыў яму хуткую славу і прызнанне ў пракурорскіх колах. Ён становіцца пракурорам Крупскага раёна. На гэтай пасадзе спецыяліст не здраджвае сабе і сваім жыццёвым прынцыпам. Па-ранейшаму бясконца карпее над кожнай справай, паважліва ставіцца да людзей і не дае волю эмоцыям.

– Для мяне галоўнае – знайсці ісціну і данесці яе чалавеку, які ўчыніў злачынства, – гаворыць мужчына. – Ён павінен зразумець сваю памылку і стаць на правільны шлях. Ніхто не мае права яго прыніжаць і абражаць.

Ёсць у пракурора Бярэ-зінскага раёна яшчэ адзін жыццёвы прынцып, які цалкам супадае з народнай прымаўкай “Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж”. Яна адлюстроўвае яго прафесійны падыход да справы.

– Ніколі не трэба спяшацца з вывадамі, – лічыць ён, – лепш узяць час і ўсё абдумаць, чым пасля шкадаваць аб зробленым. Дзякуючы яму ў мяне ніколі не было апраўдальных прыгавораў і мне не сорамна глядзець людзям прама ў вочы.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER