Калі будаваць, то капітальна!

Date 12.08.2022 Man
Comment 382
Калі будаваць, то капітальна!

Ад дзейнасці гэтай установы ў многім залежыць прыгажосць нашага горада, стварэнне яго знешняга аблічча, якое фарміруецца за кошт новабудоўляў і ўзвядзення іншых будаўнічых аб’ектаў, наколькі яны будуць непаўторнымі, утульнымі і ўпісвацца ў навакольнае асяроддзе.

Але ў яе падпарадкаванні і распараджэнні няма ні будаўнічай тэхнікі, ні рабочых па кладцы сцен, заліўцы фундаментаў, выкананні іншых знешніх і ўнутраных работ на ўзводзімым аб’екце. Функцыя і роля ёй належаць зусім іншыя. Яе спецыялісты – нібы “шэрыя кардыналы” будаўнічых работ, якія арганізоўваюць ўсю папярэднюю дзейнасць, а затым вядуць кантроль за ходам узвядзення чарговага аб’екта аж да самай яго здачы. Гаворка наша ідзе пра калектыў камунальнага даччынага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Бярэзінскага раёна”.

Сёння калектыў упраўлення, пасля таго як перастаў быць структурным падраздзяленнем раённага выканаўчага камітэта і стаў падпарадкоўвацца УКБ Мінскага аблвыканкама, свае галоўныя функцыі не страціў і па-ранейшаму выступае галоўным заказчыкам узводзімых аб’ектаў, аказвае інжынерныя паслугі і ажыццяўляе дзяржаўны нагляд за аб’ектамі сацыяльнай сферы і жылля. Працуе тут зараз 10 чалавек. Кожны з іх для выканання функцый тэхнічнага кантролю мае адпаведную атэстацыю спецыялістаў у “Белбудцэнтры”. А да яе могуць быць дапушчаны толькі асобы, якія маюць будаўнічую адукацыю і стаж работы ў галіне на кіруючых пасадах пры наяўнасці вышэйшай адукацыі – пяць гадоў, пры сярэдняй спецыяльнай – восем. Такім чынам, штат у УКБ укамплектаваны выключна высокакваліфікаванымі і праверанымі вопытам практычнай работы кадрамі.

Менавіта такім чалавекам, які паспытаў няпростага будаўнічага хлеба, з’яўляўся кіраўніком будаўнічай арганізацыі і ведае ўсе азы і хітрыкі гэтай работы, з’яўляецца дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Ірына Саскавец. Дзякуючы яе арганізатарскім здольнасцям, прабіўному характару, неадступнасці ад пастаўленай задачы і ўменню згуртаваць калектыў і дасягаюцца высокія паказчыкі работы УКБ, граматны кантроль за ходам будаўнічых работ і правядзенне іх на якасным узроўні. Падрадчыкі дакладна выконваюць усе яе заўвагі, пагаджаюцца з прапановамі, паважаюць, бо адчуваюць, што “схалявіць” яна не дасць таму, што будаўнічую справу ведае наскрозь і недапрацовак не прабачае.

Правай рукой Ірыны Аляксандраўны з 2019 года з’яўляецца вядучы інжынер Вольга Карпач. Жанчына мае архітэктурную адукацыю, працавала праекціроўшчыкам, з‘яўлялася архітэктарам горада. Яна ажыццяўляе поўнае суправаджэнне аб’екта, пачынаючы са стадыі яго праектавання да ўводу ў дзеянне, вядзе ўсю неабходную дакументацыю, у тым ліку і каштарысную, выконвае іншыя віды работ, а іх ой колькі многа!

Свой аб’ём работ маюць таксама галоўны бухгалтар Ганна Якубенка і эканаміст па фінансавай рабоце, старажыл УКБ Жанна Зімагорава. На іх плячах – налічэнне і выплата зарплаты, улік выручкі, падаткі, вылічэнне кошту квадратнага метра жылля, улік затрат, статыстычныя даныя, заключэнне дагавораў з дольшчыкамі, аплата праз органы казначэйства. Фінансавы і бухгалтарскі бакі любой дзейнасці ніколі не былі другараднымі.

Старажыламі галіны з’яўляюцца таксама Аляксандр Казлоў і Леанід Шафран, якія заняты тэхнічным наглядам. Ім не займаць ні вопыту работы, ні майстэрства яе выканання, ні скрупулёзнасці. А веды будаўнічай справы падмацаваны вялікім практычным
вопытам.

У адрозненне ад іх Уладзімір Самец прыйшоў у калектыў толькі летась. Гэта спецыяліст па электрыцы. Яго веды былі проста неабходны пры будаўніцтве электрадома, што ўзводзіўся на вуліцы Красіна. Гэты аб’ект быў новым не толькі для заказчыка ў рамках пэўных будаўнічых норм, але і праекціроўшчыка, бо ў працэсе работ даводзілася ўносіць нямала карэкціровак.

Нельга не ўзгадаць і Данііла Гаргуна, які сумяшчае ў калектыве пасаду інжынера другой катэгорыі (на ім дзяржзакупкі, кадры, загады, справаводства, электронная пошта) з абавязкамі вадзіцеля.

- На, здавалася б, немалую колькасць нашых работнікаў, - дзеліцца Ірына Саскавец, - аб’ём работы на кожнага з іх прыпадае вялікі і без справы сядзець не даводзіцца нікому. Мяркуйце самі. Сёлета за няпоўны год з нашай дапамогай (а дакладней, мы з’яўляліся заказчыкамі, вялі пошукі і ўзгаднялі праекты, знаходзілі падрадчыкаў для выканання работ, вялі кантроль за ходам іх выканання) у горадзе былі здадзены такія істотныя аб’екты як капітальна адрамантаваны будынак раённай бібліятэкі, памяшканне пажарнага дэпо і жылы дом па вуліцы Красіна. Іх узвядзенне адбылося дзякуючы істотнай фінансавай дапамозе райвыканкама і абласнога выканаўчага камітэта.

Да слоў Ірыны Аляксандраўны дададзім і наступныя новабудоўлі, якія з’явіліся ў райцэнтры за апошнія два гады – жылыя дамы на вуліцы Кастрычніцкай (побач з царквой) і адзін – на вуліцы М. Рамановіч побач са школай мастацтваў. Дарэчы, на гэтым павелічэнне колькасці новых жылых дамоў у Беразіно не спыняецца. Для большага ўшчыльнення цэнтра горада тут ужо ў кастрычніку-лістападзе на вуліцы Кастрычніцкай, 3 пачнецца ўзвядзенне новага шматпавярховага дома, здача якога ў эксплуатацыю запланавана на 2023 год. Паралельна з гэтым распачаліся падрыхтоўчыя работы па закладцы ў бліжэйшай перспектыве жылога дома на вуліцы Кастрычніцкай, 33 (на месцы былога інтэрната райбальніцы).

Так, патрэба ў жыллі для жыхароў Бярэзіншчыны існуе. Распрацаваны план дэтальнай планіроўкі забудовы мікрараёна вуліцы Красіна. Але праблема заключаецца ў фарміраванні спісаў жадаючых атрымаць уласнае жыллё. Упіраецца яна перш за ўсё ў высокі кошт квадратнага метра жылой плошчы. Адкрываць жа фінансаванне на будаўніцтва несфарміраванага жыльцамі дома ніхто не будзе. Таму далейшае развіццё будаўнічай галіны ў нашым горадзе ў вельмі істотнай меры залежыць ад актыўнасці саміх бярэзінцаў, якія пазіцыю чакання лепшых часоў памяняюць на больш рэалістычную і пачнуць шукаць па сваіх засеках неабходныя сумы для ўзвядзення і атрымання кватэр. А ўпраўленне капітальнага будаўніцтва заўсёды пойдзе насустрач гэтым памкненням, адшукае аптымальныя варыянты праектаў жылых дамоў, знойдзе правераных на якасць падрадчыкаў і пракантралюе, каб ніякія агрэхі будаўнікоў не псавалі навасёлам іх настрой і ўтульнасць.

* Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER