Прыгажосць сядзібы ствараецца нястомнай працай

Date 20.08.2026 Man
Comment 5
Прыгажосць сядзібы ствараецца нястомнай працай

Сёння Віктар і Валянціна Ефанчыкі з’яўляюцца жыхарамі аграгарадка Багушэвічы і заваявалі сабе сярод аднавяскоўцаў славу добрых і старанных гаспадароў і ўладальнікаў непаўторнага падворка, які не толькі проста ўзорна дагледжаны, а заўсёды (асабліва ўлетку) прыцягвае да сябе ўвагу вялікай колькасцю кветак і дэкаратыўных дрэўцаў.

Чаго тут толькі няма! У ліку экзатычных раслін тут знойдзеш ядловец, ракітнік, пурпурны пузыраплоднік, барбарыс, шаўкоўніца, гібіскус… Ды і сама агароджа вакол прысядзібнага ўчастка таксама створана з жывых раслін, сярод якіх нямала стройных туй.

– Наш падворак – не толькі наш гонар, – распавядаюць гаспадары, – гэта і наш актыўны адпачынак, і імкненне зрабіць наваколле больш прыгожым і прыцягальным як асабіста для сябе, так і для іншых людзей. Калі ж хто-небудзь з аднавяскоўцаў пяройме наш вопыт і таксама зоймецца абсталяваннем свайго падворка, мы будзем вельмі рады і можам даць парады, як гэта зрабіць найбольш эфектыўна, падзяліцца назапашаным вопытам. Ён у нас вельмі багаты, бо адлічваецца з 2017 года. Менавіта тады мы атабарыліся ў Багушэвічах – у бацькоўскай хаце маёй жонкі і распачалі рамонт дома. Што атрымалася з гэтага – бачыце самі.

Між тым, Віктар Аляксандравіч у Багушэвічах чалавек не чужы і адрас прапіскі іменна ў гэтым аграгарадку аказаўся невыпадковым, бо мужчына ў свой час нарадзіўся менавіта ў гэтым населеным пункце. Для яго тут усё знаёмае і вядомае. Праўда, і перамен адбылося шмат за той час, калі мужчына разам са сваёй «палавінкай» блукалі па свеце.

А пабачыць давялося ў жыцці шмат. У юнацтве Віктар марыў стаць ваенным афіцэрам. Таму пасля заканчэння васьмі класаў Багушэвіцкай школы ён спачатку паступіў у Мінскае сувораўскае вучылішча, а затым у 1979 годзе не менш паспяхова закончыў Ташкенцкае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Шлях у далёкі і нязведаны яшчэ Узбекістан стаў толькі першай сцяжынкай далейшай ваеннай вандроўкі сям’і. А завяла яна Ефанчыкаў аж на Далёкі Усход, на мяжу з Кітаем. Каб дабрацца туды, толькі самалётам трэба ляцець амаль дзевяць гадзін. Да найбольш буйных гарадоў, такіх як Уладзівасток і Усурыйск, адлегласць ад вайскавой часці складала адпаведна 260 і 80 кіламетраў.

Менавіта ў гэтым далёкім краі і давялося служыць маладому афіцэру дзесяць гадоў. Уладкавалася на воінскую службу і жонка Валянціна Станіславаўна. Яна на гэты час стала старшым прапаршчыкам. Так што сям’я Ефанчыкаў цалкам была з ліку ваеннаслужачых.

– Мне тады давялося перакваліфікавацца, – расказвае жанчына, – бо работу па спецыяльнасці знайсці ў часці было немагчыма. А так пасля школы (таксама заканчвала Багушэвіцкую, а мой старэйшы брат нават быў аднакласнікам Віктара) і да замужжа я паспела закончыць політэхнічны тэхнікум. У юначыя гады нават не думала, што стану жонкай афіцэра і аб’ездзім з мужам амаль увесь Савецкі Саюз. Але дзе б я ні была, заўсёды сумавала па Беларусі, па нашай малой радзіме і мяне вельмі цягнула ў родныя мясціны. Таму, калі надарылася такая магчымасць, мы аднагалосна на сямейным савеце прынялі рашэнне займець у Багушэвічах свой дом.

Наша мара ажыццявілася і мы гэтаму вельмі рады.

Зараз Віктар Аляксандравіч знаходзіцца ў адстаўцы. На заслужаным адпачынку і Валянціна Станіславаўна. Сваю воінскую службу афіцэр заканчваў у 2003 годзе ў званні падпалкоўніка, апошнім месцам службы аказаўся горад Барысаў. Тут у сям’і добраўпарадкаваная кватэра, якая таксама вылучаецца сваёй чысцінёй і парадкам, дагледжанасцю руплівых гаспадароў. Але гэтае жытло з’яўляецца прытулкам для Ефанчыкаў толькі на зімовы час. Усё лета (а дакладней з ранняй вясны да позняй восені) яны знаходзяцца ў Багушэвічах, дзе нястомна, з ранку да позняга вечара, завіхаюцца на прысядзібным участку, упарадкоўваюць яго і робяць год ад году ўсё больш прывабным і аздобленым.

– За час воінскай службы мы прывыклі да дысцыпліны, строгага распарадку дня, да таго, што не варта марнаваць ні мінуты вольнага часу, – дадае Віктар Аляксандравіч. – Гэтыя загартоўка і лад жыцця захаваліся ў нас і да сённяшняй пары. Быць проста пенсіянерамі і сядзець без справы мы не можам. А калі вынікі тваёй працы ўпрыгожваюць жыццё, прыносяць задавальненне, гэта ўдвая радасней і з’яўляецца добрым стымулам для далейшых намаганняў, пошукаў і рэалізацыі новых задумак і праектаў.

– Заўсёды вельмі прыемна назіраць за сям’ёй Ефанчыкаў і іх адносінамі да сваёй сядзібы, – дзеліцца ўражаннямі старшыня Багушэвіцкага сельсавета Сяргей Шабан. – Здзіўляе іх працавітасць, якую яны праяўляюць пры добраўпарадкаванні і ўпрыгожванні свайго прысядзібнага ўчастка. З усёй адказнасцю магу сказаць, што іх падворак – самы лепшы ў нашым аграгарадку і служыць добрым прыкладам для пераймання сярод нашых аднавяскоўцаў.

 

 

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Уладзіслава СІНЯКА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER