Уменне бачыць перспектыву форм

Date 11.10.2026 Man
Comment 126
Уменне бачыць перспектыву форм

Таццяну Акіменка з усёй адказнасцю можна назваць майстрам на ўсе рукі. Якім толькі відам дэкаратыўна-прыкладной творчасці не займецца гэтая натхнёная жанчына, адразу ўсё атрымліваецца.

Хаця сама Таццяна Міхайлаўна сціпла папраўляе, маўляў, не зусім адразу, добрым вынікам папярэднічае нялёгкая праца, часам даволі напружаная. Роспіс па шкле, дрэве, акрылавы жывапіс і шмат іншага – работы майстра ўпрыгожваюць не толькі хатні інтэр’ер дома, але і радуюць вока наведвальнікаў цэнтра рамёстваў, дзе яна вядзе дзіцячы гурток. Прага ж да творчасці была з ёю з самага дзяцінства. Асаблівае месца ў творчасці займае мастацкі роспіс ваз. Як расказвае яна сама, гадоў з васямнаццаць таму ёй пашчасціла нават папрацаваць на сталічным прадпрыемстве, дзе менавіта гэтым і займалася. І калі мы паглядзім фотаздымкі, то ўбачым, што выдатна ў яе атрымліваюцца не толькі вазы.

Дарэчы, па першай адукацыі Таццяна – педагог, скончыла Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка і асноўнае месца працы – група падоўжанага дня ў Бярэзінскай гімназіі. Гурток роспісу па шкле і па дрэве ў цэнтры рамёстваў, а таксама творчасць – гэта ў яе для душы і рэалізацыі ўнутраных памкненняў.

– Мне падабаецца развівацца, спрабаваць сябе ў новых накірунках творчасці, я менавіта такі чалавек, якому заўсёды патрабуецца штосьці новае і новае. Назіраю, чым займаюцца калегі па цэнтры рамёстваў, і спрабую гэта рабіць сама, – расказвае пра сябе жанчына.

Дарэчы, у цэнтры рамёстваў яна займаецца з дзецьмі ўжо трэці год. Спрабавала вырабляць прадукцыю з гліны, рабіць інтэр’ерныя лялькі, дэкаратыўныя ўпрыгожванні ў выглядзе брошак і іншае. Маецца ў Таццяны цікавая ўласцівасць, карысная для творчасці, – бачыць адразу тыя рысы, якія не заўважае звычайны «нятворчы» чалавек. Напрыклад, паглядзіць на аб’ект, і адразу прыходзіць бачанне і разуменне, як яго зрабіць. І гэты сапраўдны дар звыш часам праяўляецца ў самых нечаканых момантах жыцця. Дома яна ўласнымі рукамі змайстравала інтэр’ерныя тумбы. Для гэтага працавала з дрэваапрацоўчымі інструментамі. Шрубавёртам і шліфмашынкай валодае з тым жа спрытам і ўвішнасцю, як з мастацкім пэндзлем і алоўкам. Згадзіцеся, для жанчыны гэта незвычайнае хобі і яскрава характарызуе смеласць творчых пошукаў і спроб. Уменне намаляваць чарцёж будучага вырабу, убачыць перспектыву форм спачатку ўнутраным позіркам, а пасля на паперы – усё гэта пасуе творчасці.

Сакрэты майстэрства і талент яна з задавальненнем перадае і дзецям, таму спрыяюць педагагічны досвед і любоў да справы. Як ужо сказана вышэй, сама малюе з дзяцінства, таму выдатна разумее, як бывае неабходна падказаць дзіцяці патрэбнае і натхніць-падтрымаць творчыя памкненні. У дзяцінстве пачынала са спроб перамалёўвання рэпрадукцый са школьных падручнікаў і дзіцячых кніжак, напрыклад, з казкі «Пра рыбака і рыбку». Зараз гэта ўспамінаецца з цёплай усмешкай, але ж у тыя дзіцячыя гады ўсё ўспрымалася вельмі сур’ёзна.

А ў такім узросце неабходна, каб быў добры настаўнік. Варта адзначыць, што ў свой час малюнкі школьніцы Таццяны Акіменка займалі прызавыя месцы на розных конкурсах і публікаваліся нават у тагачаснай газеце для моладзі «Піянер Беларусі».

З усяго спектра творчых захапленняў жанчыне давялося аднойчы нават рабіць дэкарацыі і афармляць школьную тэатральную пастаноўку, якая між іншым прайшла, як кажуць, на «ура».

– Спазнаваць новае, шукаць іншыя формы і накірункі работы, не сядзець на месцы, склаўшы рукі, а праводзіць кожны дзень дзейсна і з сэнсам, спасцігаць новае, і навучыць гэтаму дзяцей – гэта асноўны вектар кожнага дня, – падкрэслівае гераіня матэрыялу. – Па-іншаму ў мяне і не атрымоўваецца, і не ўяўляецца.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара і Таццяны АКІМЕНКА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER