Выпрабаванне вайной

Date 08.12.2022 Man
Comment 626
Выпрабаванне вайной

Час Вяікай Айчыннай вайны быў перыядам праверкі народа на стойкасць і адданасць сваёй Радзіме і Бацькаўшчыне. На абарону яе рубяжоў сталі тады мільёны прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, розных пакаленняў, розных веравызначэнняў і розных прафесій. У бой ішлі не толькі кадравыя афіцэры і салдаты, а і тыя, хто добраахвотнікам запісваўся на фронт, апрануў замест сваёй рабочай спяцоўкі або службовага касцюма гімнасцёрку ды шынель, і на доўгія чатыры гады ім давялося памяняць сваё прафесійнае майстэрства і талент на больш адказны занятак – выгнаненне з роднай зямлі ворага і заваяванне міру.

Было ў гэтых радах і нямала прадстаўнікоў самай мірнай і стваральнай прафесіі – настаўнікаў. Бадай ім, як нікому іншаму, было складана акунуцца ў крывавае месіва вайны і забіваць людзей. Тым не менш, яны спраўляліся з ускладзенай на іх місіяй і праяўлялі сапраўныя гераізм, мужнасць і адвагу, ваявалі з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі. Многія з іх так і не вярнуліся з той вайны, выканаўшы свой грамадзянскі абавязак да канца. У іх ліку было нямала і педагогаў, якія настаўнічалі на Бярэзіншчыне. Узгадаем жа іх прозвішчы.

Арцюкоўскі Рыгор Іванавіч, 1912 года нараджэння, ураджэнец Рагачоўскага раёна. У 1932 годзе працаваў піянерважатым Ушанскай школы. Палкоўнік, член ВКП(б). Ваяваў на Заходнім фронце ў саставе 371 стралковай дывізіі. Загінуў у 1945 годзе на тэрыторыі Прусіі. Узнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга (1943) і Айчыннай вайны 1 ступені (1944).

Ашэйчык Аляксандр Аляксандравіч. Да вайны настаўнічаў у Каменнаборскай школе. Баец партызанскага атрада, загінуў у пачатку чэрвеня 1944 г.

Афнагель Леанід Пятровіч, у 1944 годзе быў назначаны дырэктарам Сялібскай школы, у кастрычніку таго ж года прызваны ў рады Чырвонай Арміі.

Афнагель Станіслаў Віктаравіч, 1911 года нараджэння, в. Пчэлінск. Член партызанскага атрада №120, затым радавы 113 стралковай дывізіі 1288 стралковага палка. Загінуў 30 красавіка 1945 г. у Аўстрыі.

Барысевіч Іван Андрэевіч, 1908 года нараджэння. Да вайны з’яўляўся завучам Багушэвіцкай школы. Расстраляны ў в. Пагулянка.

Басько Фёдар Паўлавіч, 1898 года нараджэння, настаўнік Лагаўской школы. З пачатку вайны ўключыўся ў падпольную работу, распаўсюджваў зводкі Савецкага інфармбюро, збіраў зброю. Загінуў у 1943 г. па даносе акупантам.

Баярэвіч Міхаіл Раманавіч, 1913 года нараджэння. Да вайны настаўнічаў у Высакагорскай і Марціянаўскай школах. З’яўляўся сувязным партызанскага атрада. Па даносе паліцэйскіх быў арыштаваны і закатаваны фашыстамі ў 1943 г. Пахаваны ў в. Раванічы Чэрвеньскага раёна.

Буры Рыгор Лаўрэнавіч, 1912 года нараджэння, в. Гарэнічы. Настаўнік Гарэніцкай школы. Удзельнік вайны з Фінляндыяй, вярнуўся з яе інвалідам – адмарозіў ногі. Кіраўнік падпольнай групы, арыштаваны немцамі ў жніўні 1943 г., расстраляны ў трасцянецкім лесе.

Валовік Варвара Васільеўна, да вайны была настаўніцай Каменнаборскай школы.

Віткоўская Вера Рыгораўна, 1920 года нараджэння, в. Жукавец. У 1941 г. закончыла 4 курсы гістарычнага факультэта БДУ. Расстраляна ў красавіку 1942 г. за сувязь з партызанамі, удзельніца першай бярэзінскай падпольнай групы.

Волчак Аляксандр Кузьміч, 1907 года нараджэння. Першы дырэктар Паплаўскай школы. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР па Брадзецкай выбарчай акрузе №97. Напярэдадні вайны працаваў у Бярэзінскім райкаме партыі. Пайшоў з адступаючымі часцямі Чырвонай Арміі, прапаў без вестак 5 снежня 1941 г.

Гансоўская (Міхалёва) Лізавета Яфімаўна, 1913 года нараджэння, м. Беразіно. У 1931 годзе закончыла педінстытут, настаўнічала на Палессі, з 1932 года – справавод Бярэзінскага райвыканкама, з 1933 -  выкладчыца рускай і нямецкай моў у Багушэвічах, з 1939 года – выкладчыца рускай мовы Бярэзінскай школы. У 1941-1942 гг працуе перакладчыцай у нямецкай камендатуры, адзін з кіраўнікоў падпольнай арганізацыі. 22 красавіка 1942 г. павешана немцамі.

Гансоўскі Леанід Паўлавіч, працаваў настаўнікам на Палессі, затым – у Бярэзінскім аддзеле адукацыі, Багушэвіцкай, Бярэзінскай школах, выкладаў хімію і біялогію. У першы дзень акупацыі Беразіно (3 ліпеня 1941 г.) расстраляны разам са сваякамі на двары дома.

Галавешкін Вячаслаў Сцяпанавіч, пражываў у в. Белічаны, дзе выкладаў у школе рускую мову і літаратуру. Расстраляны немцамі ў 1943 г. за сувязь з партызанамі.

Ермалкевіч Яўген Аляксандравіч, да пачатку вайны быў настаўнікам глуханямых у в. Глухі Ток. Адзін з актыўных кіраўнікоў падполля. Па заданні падпольнай групы служыў старастам Машчаніцкай воласці, быў сувязным паміж камандзірам партызанскага атрада Дербанам і падпольшчыкам Шунэйкам. Расстраляны акупантамі ў красавіку 1942 г.

Ермаловіч Мікалай, 1912 года нараджэння, м. Беразіно, настаўнік. Павешаны.

Жукоўскі Васіль Васільевіч, 1892 года нараджэння, м. Беразіно. Да рэвалюцыі, з 1906 года, працаваў настаўнікам у Рэчыцкім і Мазырскім паветах. З 1918 года – у Лясковіцкай, а затым Бярэзінскай школах. З 1942 года – сувязны партызанскага атрада №345. Схоплены фашыстамі і расстраляны ў Беразіно ў маі 1944 г.

Карбановіч Станіслаў Нікадзімавіч, 1920 года нараджэння, хутар Ключыкі (ваколіцы в. Аўгутова). Працаваў настаўнікам у мястэчку Беразіно і в. Гарэнічы. На фронце з 1944 г. Памёр ад ран 26.01.1945 г. ва Усходнй Прусіі, пахаваны ў в. Мантбільц.

Ігнатовіч Сафія Рыгораўна, 1922 года нараджэння, настаўнічала ў Беразіно.

Кавалёў Аляксандр Пракопавіч, настаўнік Лагаўской школы.

Каўцэвіч Вера Аўксенцьеўна, 1920 года нараджэння, м. Беразіно. Пасля заканчэння ў 1937 г. Пінскага педтэхнікума накіравана на работу ў Капланецкую школу. У гэтым жа годзе завочна паступіла ў Мінскі педінстытут. З кастрычніка 1942 г. па заданні Маскоўскай спецгрупы НКУС працавала ў Бярэзінскім маслазаводзе бухгалтарам, старшая падпольнай групы.У 1944 г. схоплена гестапа і расстраляна ў трасцянецкім лесе. Разам  ёй бы расстраляны і загадчык маслазавода Фёдар Кузьміч Дзюбайла.

Крыварот Ганна Цімафееўна, 1923 года нараджэння, в. Стаўпы. Закончыла Барысаўскае педвучылішча. Расстраляна ў в. Стаўпы.

Крыварот Ганна Ільінічна, 1922 года нараджэння, в. Стаўпы. Закончыла педвучылішча ў г. Барысаве. Расстраляна ў в. Стаўпы ў снежні 1942 г.

Кажушка Уладзімір Іванавіч, 1919 года нараджэння, в. Лысуха. Закончыў Гомельскі педінстытут, па спецыяльнасці фізік. Працаваў завучам Дулебскай школы. У Чырвонай Арміі з 1939 года, служыў у г. Ленінградзе, закончыў курсы афіцэраў, артылерыст. Загінуў пад Сталінградам.

Лапіцкі Канстанцін І., 1903 года нараджэння, в. Уцешына. Працаваў настаўнікам. Загінуў у чэрвені 1942 года ў час карнай аперацыіі па знішчэнні вёскі.

Лапцёнак Уладзімір Данілавіч, 1926 года нараджэння, в. Васільеўка. Да вайны быў сакратаром камсамольскай арганізацыі Каменнаборскай школы. Сувязны, сакратар падпольнага камітэта камсамола. Схоплены пры выкананні задання. Закатаваны ў 1942 г. Пахаваны на могілках в. Васільеўка.

Лясных Вера Васільеўна, 1923 года нараджэння, г. Мінск. Да вайны закончыла 9 класаў Бярэзінскай школы. Жыла разам з бацькамі ў в. Навасёлкі ў шашэйным доміку. З 1942 г сувязная партызанскага атрада №345. У пачатку 1943 г. схоплена гестапаўцамі і расстраляна.

Мязян Уладзімір Іванавіч. Да вайны працаваў настаўнікам у Каменнаборскай школе. Загінуў у партызанах.

Махнач Мікалай Сямёнавіч, 1906 года нараджэння, в. Паляны. У 1930 г. закончыў БДУ, затым аспірантуру, у 1938-1941 гадах  працаваў вучоным сакратаром інстытута гісторыі АН БССР. У час акупацыі працаваў на біржы працы г. Мінска, з лістапада 1941 г. – член падпольнай групы Л.Х. Маркава (Пагодзіна). Арыштаваны ў сакавіку 1944 г. і ў ліпені таго ж года расстраляны ў в. Трасцянец.

Падабед Сямён Фёдаравіч, 1912 года нараджэння, прызваны ў Чырвоную Армію ў 1940 г.

Праневіч Мікалай Фёдаравіч, настаўнік Ушанскай школы.

Пыж Яўгенія Фёдараўна, 1915 года нараджэння, в. Мацевічы. У 1943 г. закатавана немцамі за сувязь з партызанамі, пахавана на могілках в. Мацевічы.

Рамановіч Марыя Лукінічна, нарадзілася ў в. Цярэсіна. Закончыла педінстытут, да вайны працавала мовазнаўцай у Магілёўскім раёне. Член ВЛКСМ.  З вясны 1942 г. у партыанскім атрадзе, была разведчыцай, членам падрыўной групы. У маі 1943, вяртаючыся з задання, трапіла ў засаду непадалёк ад в. Ліскі Рагачоўскага раёна. Загінула ў баі.

Сакава Марыя Сямёнаўна, настаўнічала ў Мачаскай сямігодцы. Сувязная партызанскага атрада. Загінула ў час першай блакады.

Самец Рыгор Сідаравіч, 1925 года нараджэння. Да вайны настаўнічаў у Каменнаборскай школе. Чырвонаармеец 608 палка 169 стралковай дывізіі. Памёр ад ран 13.10.1944 г. у медсанбаце. Пахаваны на станцыі Дымкаўка Варшаўскага ваяводства.

Самец Мікалай Піліпавіч, да вайны быў настаўнікам Каменнаборскай школы. Партызан. Памёр ад ран.

Санак Іван Казіміравіч, 1917 года нараджэння. Расстраляны ў першы дзень акупацыі Беразіно, 3 ліпеня 1941 г.

Сігал І.А., да вайны выкладаў фізіку ў Бярэзінскай школе.

Смычок Надзея, 1908 года нараджэння, м. Беразіно.

Сакалоўская Марыя, баец партызанскага атрада. Член ВЛСКМ. Загінула ў баі каля в. Лосеўка.

Ціхановіч Адам Архіпавіч, 1911 года нараджэння, да вайны быў дырэктарам Перавозскай няпоўнай сярэдняй школы. Малодшы лейтэнант.Загінуў 1 лютага 1942 г. у Варашылаўградскай вобласці на Украіне.

Францкевіч Леанід Віктаравіч, 1914 года нараджэння. Расстраляны ў в. Барсучына.

Цэдрык В.У. , настаўнік Мачаскай школы.

Чурынец Вольга, настаўніца Пружанскай школы. У час акупацыі была арыштавана, але змагла адкупіцца. Затым адбыўся паўторны арышт, які закончыўся расстрэлам у лесе каля в. Слабада як жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Шмарлоўскі Іван Якаўлевіч, настаўнік Каменнаборскай школы.

Шчарбакоў, настаўнік Высакагорскай сямігодкі.

Шунэйка (Маёрава) Зінаіда, 1924 года нараджэння, в. Вятрышкі Быхаўскага раёна. Павешана  Беразіно ў красавіку 1942 г., падпольшчыца першай бярэзінскай падпольнай арганізацыі.

Не бяруся сцвярджаць, што прыведзены спіс – поўны. Работа па яго дапрацоўцы працягваецца. І ў ёй я спадзяюся на вашы дапамогу, паважаныя сябры. Адгукніцеся, падзяліцеся інфармацыяй пра педагогаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны (у тым ліку і пра тых, хто выканаўшы свой доўг перад Радзімай у грозны час, аддаў сваё жыццё педагогіцы). Асабліва буду ўдзячны на прадастаўленыя фотаздымкі, якіх захавалася, на жаль, вельмі мала.

Ігар ЖУКОЎСКІ,

краязнаўца.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER