Што трэба зрабіць у Год гістарычнай памяці?

Date 26.07.2022 Man
Comment 689
Што трэба зрабіць  у Год гістарычнай памяці?

Як вядома, сёлетні год абвешчаны ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Тым самым кожны з нас атрымаў добрую магчымасць у чарговы раз звярнуцца да мінулага сваёй краіны, да яе важных падзей, традыцый, да дзейнасці знакамітых землякоў.

Яшчэ важней – на прыкладзе паказаць маладому пакаленню, што гісторыяй трэба цікавіцца, яе трэба ведаць, паважаць і помніць. Аднак ці дастаткова гэтага, каб наша слаўная памяць доўга жыла і што неабходна зрабіць людзям у Год гістарычнай памяці? Што на гэты конт думаюць бярэзінцы?

Генадзь ЖАЎРОНАК, натарыўс:

– На фоне сучасных палітычных падзей я рашуча падтрымліваю той факт, што сёлетні год праходзіць пад знакам захавання гістарычнай памяці, вытокаў. Самы час перагарнуць старонкі сямейнага альбома, успомніць імёны памерлых сваякоў і аддаць ім даніну памяці. Мой дзядуля памёр, калі я вучыўся ў 8-ым класе. Тады, у 80-ыя гады мінулага стагоддзя, ніхто ў свеце не рашаўся ставіць пад сумненне подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ды і мой дзядуля-франтавік быў чалавекам негаваркім на тэму вайны, ніколі нічога расказваў сваім унукам. Напэўна, яна пякучым болем апякла яго сэрца і ён імкнуўся хутчэй забыць. Шкада, што мяне тады мала цікавілі гэтыя старонкі дзядулевага жыцця. Але я заўсёды ўспамінаю яго з цеплынёй і спагадай. Пахаваны ён на могілках у Барысаўскім раёне. Там я заўседы падтрымліваю чысціню і парадак і стараюся бываць не толькі на Радаўніцу.

Міхаіл ХОДАС, судэксперт:

– На мой погляд, нашу памяць і павагу красамоўней любых слоў адлюстроўваюць нашы помнікі загінуўшым героям у гады Вялікай Айчыннай вайны. Лічу, што сёлетні год – лепшы час адрамантаваць усе помнікі і абеліскі, прыбраць могілкі і добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол іх. Не варта думаць, што гэта павінны рабіць выключна мясцовыя ўлады, гэта яшчэ і наш з вамі абавязак. Ведаю, што ў нашым раёне нямала жыхароў клапоцяцца пра парадак на могілках, але хочацца, каб іх было як мага больш і асабліва з атраду маладых людзей. Тады і не трэба будзе перажываць за нашу слаўную памяць.

Святлана МАЗОЛЬ, сакратар суда:

– У Год гіста-рычнай памяці самы час паказваць дзецям традыцыі нашай краіны, расказваць аб яе гісторыі, знаёміць з гераічнымі месцамі, наведаць з імі Хатынь, Курган Славы, лінію Сталіна, Брэсцкую крэпасць. А яшчэ падзяліцца сямейнымі ўспамінамі пра Вялікую Айчынную вайну. Асабіста ў нашай сям’і сабрана нямала звестак. Яны ляглі ў аснову даследаванняў маёй дачкі ў школе. Думаю, яна захавае і перадасць іх сваім дзецям. Наша сямейная даследчая дзейнасць мела свой плён і гэта раю зрабіць усім бацькам.

Аляксандр АЎТУХОЎ, дырэктар сельгаспрадыемства:

– У Год гістарычнай памяці самы час звярнуцца да слаўнай гісторыі роднага краю, успомніць імёны знакамітых землякоў. Ды і, можа, трэба назваць у іх гонар вуліцы нашага горада. Гэта толькі павялічыць інтарэс да нашай гісторыі. Ды і пажадана, каб колькасць выстаў і экспазіцый на аснове мясцовых унікальных экспанатаў была значна большай. Так хочацца наведаць іх разам з унукам, каб ганарыцца подзвігам і слаўнымі справамі землякоў. Мы, дарослыя, павінны рабіць усё магчымае, каб нашы дзеці помнілі і шанавалі гісторыю сваёй краіны, свайго народа! Прыемна, што ў бібліятэцы адкрыўся краязнаўчы цэнтр, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй нашага края.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Любоў з маленства Дысцыпліна, адказнасць і парадак »