Трапная характарыстыка

Date 30.01.2023 Man
Comment 358
Трапная характарыстыка

На двары яшчэ стаяў запознены снежаньскі прыцемак, калі з пачаткам чарговага рабочага дня наведвальнікі райбальніцы тоўпіліся каля акенца рэгістратуры.

– Мне, калі ласка, дайце талончык на прыём да Ірэны Вітальеўны Гарбацэвіч, – папрасіла адна з жанчын.

– На жаль, на сёння талончыкі да яе закончыліся, – пачулася ў адказ. – Можаце пры жаданні трапіць да іншага тэрапеўта.

– Не, дзякуй, – уздыхнула кабета. – Я ж столькі гадоў назіраюся менавіта ў яе, яна дасканала ведае стан майго здароўя, чым і як дапамагчы. А ісці да кагосьці яшчэ…

Гэты дыялог, сведкай якога я выпадкова стала, яшчэ раз паказаў, наколькі людзі давяраюць гэтаму ўрачу, яго прафесіяналізму і напрацаванаму гадамі аўтарытэту. Сапраўды, ні адна галіна, ні адзін грамадскі інстытут, ні адна прафесія не мае такога прэстыжу і аўтарытэту ў вачах людзей, як медыцына. Таму і спецыялісты, якія працуюць тут, таксама адназначна маюць сваю істотную вагу ў вачах грамадства. Асабліва тыя, хто не пералятае нібы птушка з аднаго дрэва на другое, а стабільна працуе на адным месцы, удасканальвае свае прафесійныя веды, паглыбляе іх, адточвае навыкі і, што вельмі важна ў гэтай прафесіі, не страчвае ўмення спагадаць хворым.

Менавіта такім чалавекам і з’яўляецца ўзгаданая мною доктар Гарбацэвіч – тэрапеўт Бярэзінскай райбальніцы. У яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс аб прыёме на работу.

Колькі ўсяго было за перыяд пражытых гадоў! Больш 30 гадоў Ірэна Вітальеўна ўзначальвала тэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы, з’яўляецца выдатнікам аховы здароўя Беларусі, прызнана лепшым тэрапеўтам рэспублікі. А колькі грамат і падзяк мае, удзячных слоў пачула ад сваіх пацыентаў!

Галоўным прыярытэтам у рабоце гэтага высакакласнага спецыяліста з‘яўляецца любоў да сваёй прафесіі, галоўная роля якой – пранікнёная ўважлівасць да стану кожнага хворага пацыента незалежна ад яго ўзросту, пасады і знешняга выгляду. Для Ірэны Вітальеўны ёсць толькі адзін крытэрый: хворы, якога трэба лячыць. І гэта рэальнае, а не нейкае прапагандысцкае сцвярджэнне, якім кіруецца доктар вось ужо не адно дзесяцігоддзе.

Высокую ацэнку рабоце Ірэны Гарбацэвіч ставяць не толькі яе пацыенты, а і галоўны ўрач медустановы Крысціна Крук, якая назвала яе "падарункам ад Бога". Што тут яшчэ можна дадаць?

Канечне, будзе вялікім перабольшваннем сцвярджаць, што там дзе І. Грабацэвіч, там поўнасцю знікаюць усе балячкі, адбываецца стапрацэнтнае выздараўленне. Не, бо панацэі ад усіх хвароб яшчэ не вынайшлі, некаторыя з іх можна толькі запаволіць, прыпыніць, дапамагчы чалавеку маральна настроіцца на супрацьстаянне ім, своечасова знайсці ачагі захворвання і не дапусціць іх разрастання.

Чалавеку вельмі важна ў час хваробы сведамляць, што ён не адзінокі ў гэты складаны час, адчуць спагаду і надзейнае плячо таго, хто з табой падзяляе боль, усяляе ўпэўненасць і не дазваляе апусціць рукі. І вельмі часта ў такой ролі выступае якраз Ірэна Вітальеўна.

Цікавым момантам лёсу доктара з’яўляецца тое, што крок у крок з першага дня работы ў Бярэзінскай ЦРБ нясе нялёгкі крыж самай крытычнай зоны медустановы – рэанімацыйнага аддзялення – муж Ірэны Вітальеўны Анатоль Пятровіч, які, як і жонка, таксама носіць ганаровае званне выдатніка аховы здароўя. Чалавек ён вельмі адказны, бязмежна патрабавальны, часам імпульсіўны, але справядлівы кіраўнік. Працаваць у аддзяленні, дзе чалавек рэальна балансуе на мяжы жыцця і смерці, вельмі складана і адказна.

Як паўтарае Анатоль Пятровіч: “У рэанімацыі лячыць – не разінуўшы рот хадзіць. Тут галоўнае – аператыўнасць, кантроль і даклааднасць”.

 

Анатоль Гарбацэвіч да 85-гадовага юбілею Мінскай вобласці быў адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама

Вотум даверу загадчыку заўсёды падтрымліваюць яго калегі Сяргей Салаўёў і Ганна Мельнікава, іншыя члены калектыву ратавальнікаў жыцця.

Ну а дома ў сямейнай пары медыкаў нібы працягам рабочага дня адбываюцца вострыя дыскусіі наконт праблемных хвароб, разгляд асобных выпадкаў, у пошуках ісціны найбольш складаных сітуацый нярэдка прыбягаюць за дапамогай да медыцынскай энцыклапедыі, спецыяльных выданняў, заглядваюць у інтэрнэт… Вучыцца ў другіх і быць прыкладам для сваіх калег – такое жыццёвае крэда ўрачоў Гарбацэвічаў.

Безумоўна, быць адмысловым урачом зусім няпроста, бо доктар – гэта не прафесія ў чыстым выглядзе, ім патрэбна быць ад нараджэння, мець не толькі багаты вопыт і дасканалыя навыкі, а яшчэ абавязкова і вялікае сэрца. І калі першае і другое прыходзіць толькі з гадамі, то апошняе з цягам часу не павінна астыць і ачарсцвець.

Так, сёння ў Бярэзінскай бальніцы шмат прадстаўнікоў маладога пакалення. Ім яшчэ трэба прыкласці нямала намаганняў, каб заваяваць аўтарытэт і павагу людзей. Няхай не будзе ў іх на гэта дэфіцыту. І ўжо сёння многія бярэзінцы з павагай называюць імёны такіх дактароў, як намеснік галоўнага ўрача Валянціна Лушчык, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Настасся Кірэева, урач-неўролаг Ганна Шыцік і многіх іншых. Прыжыліся яны ў калектыве, сталі сваімі і старанна працуюць. А прыклад, як вы самі разумееце, ім ёсць з каго браць.

Ніна БУРКО.  

Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА і Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER