Дзе гарантаваны вялікае малако і мяса?

Date 17.05.2022 Man
Comment 894
Дзе гарантаваны вялікае малако і мяса?

Лепшых работнікаў малочнатаварных ферм з ліку тых, хто штодня клапоціцца пра аднаўленне статка і працуе на будучы дабрабыт гаспадаркі, выявіў раённы конкурс-атэстацыя аператараў па штучным асемяненні кароў.

Малако пачынаецца з асемянатара

Спецыяліст па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы ў любой сельскагаспадарчай арганізацыі – адна з ключавых фігур у развіцці як жывёлагадоўлі, так і самой гаспадаркі. Бо яго сумленнай і стараннай працы напрамую залежыць аднаўленне асноўнага статка, а таксама будучы ўзровень надояў малака і сутачных прываг. Таму менавіта кваліфікацыя і вопыт гэтых людзей вызначаюць выніковасць асемянення. Кожны год, нягледзячы на штодзённую практыку, спецыялісты павінны пацвярджаць сваю кваліфікацыю. Так, у нашым раёне прайшоў штогадовы конкурс-атэстацыя сярод тэхнікаў-асемянатараў.

У гэты дзень тэхнікі-асемянатары змянілі звыклае для сябе спецадзенне на прыгожыя ўборы. Месцам, дзе спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый раёна прадэманстравалі свае веды і прафесійнае майстэрства ў галіне племянной справы, упершыню стаў раённы цэнтр культуры.

Ад знешняга выгляду – да працы з мікраскопам

Тут з наказам да ўсіх канкурсантаў першай звярнулася старшыня Бярэзінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч. Яна высока адзначыла працу гэтых жывёлаводаў і пажадала ўдачы ў выпрабаваннях.

Дарэчы, яны складаліся з трох этапаў. Яшчэ ў пачатку конкурсу-атэстацыі ўсім удзельнікам неабходна было вытрымаць тэарэтычны экзамен з тэставых пытанняў, якія тычыліся племянной справы. Другая частка ўключала ў сябе праверку практычных навыкаў спецыялістаў. Тут журы ацэньвала ўменне асемянатараў правільна падрыхтаваць сваё працоўнае месца і прылады для працы, вызначыць якасць семя пад мікраскопам і сам працэс асемянення. Удзельнікі павінны былі расказаць пра сваю дзейнасць з самага пачатку прыходу на працу.

У журы – толькі вопытныя і адданыя справе спецыялісты

Хто ж ацэньваў узровень ведаў і практычныя ўменні тэхнікаў–асемянатараў? У складзе журы былі вопытныя спецыялісты – загадчыца лабараторыі Нясвіжскага племпрадпрыемства Вольга Смяглікава, дырэктар Бярэзінскага філіяла РУСП Мінскае племпрадпрыемства Уладзімір Гарошка, які ўзначальваў журы, галоўны ветурач Бярэзінскага раёна Марына Самец, вядучы заатэхнік Бярэзінскага філіяла Вольга Азарка і вядучы заатэхнік Тамара Вавілава.

– Гэтыя людзі звязаны з практыкай штодня, але ўсё роўна ў іх адчувалася хваляванне, – адзначыла член журы Вольга Смяглікава. – Пры вызначэнні пераможцаў улічвалася таксама правільнае вядзенне спецыяльнага журнала. Галоўны паказчык, па якім ацэньвалася работа тэхніка-асемянатара, – выхад цялят на 100 кароў, ён таксама ўлічваўся.

Слова пераможцам

Хто ж стаў лепшым тэхнікам па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы? Пераможцам стала асемянатар СУП “АграМАЗ” Марына Ждановіч. Яна здолела набраць па выніках праходжання этапаў 99,8 бала і атрымала прэмію ў суме 500 рублёў.

– Мне ніколькі не крыўдна, што не атрымаўся абсалютны стабальны вынік, – гаворыць Марына Міхайлаўна, – я ж толькі крыху разгубілася перад суддзямі, калі тлумачыла ход справы. Працую я тэхнікам-асемянатарам ўжо восем гадоў і ўсе дзеянні давяла да аўтаматызму. Ды і выхад цялят на 100 кароў на маёй малочнатаварнай ферме “Васілеўшчына” склаў 112.

На другім месцы – тэхнік-асемянатар адкрытага акцыянернага таварыства “Уша” Аляксандр Муха. Ён выканаў заданні на 93 балы і атрымаў грашовую прэмію ў памеры 400 рублёў.

– Для мяне другое месца ў такім конкурсе – вялікая нечаканасць, – гаворыць Аляксандр Барысавіч, – я ж практычна не рыхтаваўся, бо меў добры запас ведаў і ўменняў яшчэ пасля заканчэння курсаў на Мінскім племпрадпрыемстве. Працую трэці год і цалкам задаволены работай. Я ж быў звычайным начным вартаўніком. Ды і атрыманая грашовая прэмія прыйшла своечасова. Хутка ў мяне павінен нарадзіцца сын, а яшчэ радуюць бацьку дзве дачушкі. Таму наша сям’я хутка стане шматдзетнай!

А замкнула тройку лідараў тэхнік – асемянатар СУП “АграМАЗ” Таццяна Барэйша. Яе паказчык – 91 бал, а грашовая прэмія склала 300 рублёў.

– Я тэхнікам-асемянатарам працую з 1996 года і сваю справу ведаю да драбніц, – гаворыць жанчына. – У такіх конкурсах удзельнічаю не ўпершыню, ды і не раз прызнавалася пераможцай. Летась я была другой, а пазалетась першай. Здаецца, усё ўжо ведаеш і ўмееш, але ўсё роўна хвалюешся, як першы раз.

Мне ў такія моманты дапамагае сабрацца настрой на працу ўсяго калектыву фермы “Казлоў Бераг”. Мы сёння ад каровы атрымліваем амаль па 20 кілаграмаў малака.

Узнагароды - настаўнікам

Акрамя пераможцаў, на раённым конкурсе-атэстацыі былі прэміраваны аператары па штучным асемяненні, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў і з’яўляюцца настаўнікамі маладых спецыялістаў. Гэта Іна Іўчык, Ніна Макарэвіч і Алена Раманава.

– Мы задаволены сваімі вынікамі. Тэставыя пытанні былі зусім не з лёгкіх. Практычная частка была таксама няпростай па адной толькі прычыне – адбілася хваляванне. Бо на працы ўсе дзеянні выконваюцца аўтаматычна, а тут трэба ўсё раскласці па палічках і растлумачыць, – падзяліліся эмоцыямі жанчыны, – а ты ўсё ведаеш, ды толькі сказаць не можаш!

Узнагароды, кветкі, віншаванні

Пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, аграпрамысловага комплексу, а кожны ўдзельнік конкурсу – падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама музычныя нумары ў выкананні бярэзінскіх самадзейных артыстаў і яшчэ кветкі ад арганізатараў.

Конкурс атрымаўся шыкоўным па сваім настроі і арганізацыі, бо пакінуў у сэрцы кожнага добры след і ўпэўненасць у неабходнасці сваёй справы. Гэта ўзмацнілі словы першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Карыны Аруцюнян. Яна падкрэсліла, што ў тых гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя, адданыя сваёй справе тэхнікі-асемянатары, як правіла, на высокім узроўні пастаўлена работа па аднаўленні статка. Там заўсёды ёсць паспяховыя расцёлы, высокая захаванасць маладняку, ёсць малако і мяса, а ў канчатковым выніку, і высокі ўзровень эканомікі гаспадаркі, яе дабрабыту. Акрамя гэтага, яна параўноўвала іх дзейнасць з галіной раслінаводства, дзе пасяўная праходзіць вясной і восенню, а ў жывёлагадоўлі – круглы год, кожны дзень.

 

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER