Пра традыцыі святкавання Вялікадня расказвае ксёндз Юзаф Сярпейка

Date 05.04.2026 Man
Comment 189
Пра традыцыі святкавання Вялікадня расказвае ксёндз Юзаф Сярпейка

Пра ксёндза Юзафа Сярпейку, які ўжо больш за год з’яўляецца пробашчам касцёла Маці Божай Міласэрнасці г.Беразіно, мы ўжо пісалі напярэдадні свята Божага Нараджэння. Святар паходзіць з каталіцкай сям’і, як сведчыць уласна сам, колькі сябе помніць, з самага дзяцінства яго цягнула ў касцёл. Сёння мы паразмаўляем пра традыцыі, звязаныя са святам Вялікадня, і не толькі агульнакаталіцкія, але і тыя, якія ксёндз помніць з дзяцінства, якія маюць месца ў розных кутках Беларусі.

Сімвал Жыцця

– На Вялікдзень раніцай у касцёле адбываецца так званая рэзурэкцыйная Літургія. Ад лацінскага слова resurrection, што значыць “уваскрашэнне з мёртвых”. Велікодныя традыцыі заснаваныя найперш на паўстанні з мёртвых Езуса Хрыста. І потым усе вяртаюцца ў свае дамы ці ідуць у госці, сядаюць за сталы частавацца асвечанымі стравамі. Дарэчы, асвячаюць іх падчас Літургіі ў Вялікую Суботу вечарам, або раніцай на Вялікдзень. Амаль кожная з асвечаных страў мае пэўную сімволіку. Але ў цэнтры, па традыцыі, чырвонае яйка.

Чырвоны колер яйка гэта колер крыві Хрыстовай. Наогул жа само яйка – гэта сімвал пераходу ад смерці да жыцця, або пераходу адной формы жыцця ў другую. Выкарыстоўваць яйкі як сімвал – гэта вельмі даўняя традыцыя, якая знай-шла месца і ў хрысціянстве каталіцкім і праваслаўным.

Святочны стол

– Наогул жа велікодныя святочныя стравы, якія раніцай выстаўляюцца на стол, таксама маюць уласнае значэнне, з’яўляюцца сімвалам. Некаторыя задумваюцца, напрыклад, чаму выкарыстоўваецца такая прыправа да ежы як хрэн? Гаспадыні гатуюць разнастайнымі спосабамі, потым усе каштуюць і гэтак далей. На самой справе сімволіка выкарыстоўвання хрэна ўзыходзіць яшчэ да часоў Ветхага Запавету. Хрэн – гэта сімвал горкіх траў, якімі прыпраўлялі ежу яўрэі падчас сыходу з егіпецкай няволі.

А вось мяса на стале сімвалізуе ахвярнага “агнца”, бо раней у дахрысціянскі час яўрэі прыносілі ў ахвяру валоў, іншую жывёлу. Потым у Пасланні да яўрэяў з Новага Запавету мы чытаем, што для поўнага выкуплення грахоў чалавечых такіх ахвяр недастаткова – кажа Пан Бог. І Бог хоча аддаць на ахвяру Свайго Сына. Ягняці Божым з’яўляецца Езус Хрыстус, сімвал Яго таксама маецца на велікодным стале.

Яшчэ соль, яна сімвалізуе ўсё тое, што перашкаджае сапсаванасці і бароніць чалавека ад спакусаў, ад зла і рознай подласці.

Як бачна, гэта ўсё насычана пэўнай сімволікай і значэннем, і даволі цікава.

Сямейнае свята

– Канечне, гэта вельмі сямейнае свята, калі за стол збіралася ўся сям’я, хадзілі ў госці да бабуль-дзядуль, сваякоў, родных і блізкіх. У нас на бацькаўшчыне, у Ашмянах, у католікоў ёсць такі звычай – хадзіць у жакі. Гэта кшталту валачобнікаў, якія ходзяць з песнямі на Нараджэнне Божае, ходзяць таксама і на Вялікдзень. У асноўным ходзяць дзеткі і моладзь, і я таксама ў дзяцінстве хадзіў, з рознымі выступленнямі ды вершыкамі. Дэкламуюць, напрыклад:

“Вясёлы дзень сёння настаў,

У каторы Хрыстус з мертвых паўстаў”.

У адказ людзі давалі цукеркі, велікодныя яйкі, булкі. Наогул жа велікодныя песні з вершамі, пэўна, цэлы раздзел у фальклоры. Асобныя з іх маюць і дужа жартаўлівую форму:

“Я маленькі жачок, паўзу, як рачок, Скачу, як жабка, дай кока, бабка”.

“Я Сярпейкі сын, дайце мне сыр,  А наверх каўбасу, я дахаты панясу”.

Сэнс усіх гэтых песень ды вершыкаў узносіцца, зразумела, да рэлігійнай тэматыкі. Мы расказвалі пра таямніцу мёртвыхпаўстання, дзялімся, а ўзамен атрымлівалі штосьці смачнае.

Чаму “жакі”?

– Цікавае паходжанне гэтага слова і выразу: хадзіць у жакі. Аказ-ваецца, у нашых мясцінах, адкуль я родам, а таксама на Віленшчыне і Любліншчыне словам “жак” называлі вучня касцёльнай школы, а пазней так звалі студэнтаў. Вядома, што студэнты народ бедны, жылі незаможна, то яны і хадзілі на свята з песнямі і вершамі, каб узамен атрымаць смачнага гасцінца і пачастункаў.

Такі вось цікавы выраз і нарадзіўся.

Аснова веры

– Звычай звычаем, але варта ведаць, помніць і не забывацца, што галоўным на свяце найперш з’яўляецца Езус Хрыстус, паўстанне з мёртвых Пана Езуса. Сын Божы быў укрыжаваны за грахі роду чалавечага, памёр на крыжы, быў пахаваным, а потым на трэці дзень уваскрэс. І ў Ім, Пане Езусе, увасабляецца напоўніцу любоў Божая да чалавека, якая дае нам усім вечнае жыццё, мацуе нас, дае веру, надзею, сілы. Таму нам вельмі важна імкнуцца да дабрыні, маліцца Богу, рабіць толькі добрае, не прамаўляць злых слоў, а пагатоў лаянкі, дапамагаць бліжняму, і канешне ж, хадзіць у касцёл, удзельнічаць у Літургіі, спавядацца і прычашчацца, быць добрымі вернікамі, любіць Пана Бога і сваіх бліжніх.

Пра набажэнствы

– Вялікі пост заўсёды заканчваецца ў вялікую сераду перад вялікім чацвяргом, 40 дзён якраз сёлета прышлося на 1 красавіка. Далей – вялікі чацвер, вялікая пятніца і вялікая субота, гэта ўжо асобны кароткі перыяд у літургічным годзе, але ён ужо з’яўляецца святочным. Раніцай у вялікі чацвер усе святары збіраюцца ў катэдральным касцёле і абнаўляюць святарскія прысягі. А вечарам кожны ксёндз вяртаецца ў свой прыход і пачынаецца Трыдум, успамінаецца Тайная Вячэра, калі Езус благаславіў хлеб і віно, падаў вучням і сказаў: гэта цела і кроў мае. Пасля святой імшы святыя дары пераносяцца ў цямніцу, яна роблена як дэкарацыя, і затым агаляецца алтар. Пятніца гэта адзіны дзень у годзе, калі няма службы ў касцёле.

У вялікую суботу адбываецца адарацыя свяцейшага сакраманта, калі святыя дары выстаўляюцца для публічнага пакланення, вечарам ужо – прыгожая літургія з аднаўленнем хросту, чытаюцца ўрыўкі з Пісання ад Старога Запавету да Новага. Асвячаецца хрысцільная вада. У гэты час хрысцяцца людзі.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER