Аляксандр Усовіч: “Правільнае харчаванне - залог добрага здароўя”

Date 12.08.2022 Man
Comment 358
Аляксандр Усовіч:  “Правільнае харчаванне - залог добрага здароўя”

Сёння ў гасцях нашай рубрыкі медык, якога ведаюць бадай усе жыхары нашага горада і раёна.

 

Аляксандр Усовіч вядомы, па-першае, усім тым, хто пакутаваў хоць раз у жыцці на страўнікавыя хваробы. Урач-эндаскапіст, тэрапеўт з 39-гадовым стажам, прыехаў ў Беразіно ў 1984-м годзе, спачатку 3 гады адпрацаваў у Дзмітравіцкай участковай бальніцы, пасля перавёўся ў раённую бальніцу.

З Аляксандрам Іванавічам шчыра размаўляем пра жыццё, захапленні, работу.

 

Марыў пра флот

- У дзяцінстве і юнацкія гады марыў стаць мараком. Разам з сябрам-аднакласнікам Міколам Місуна рыхтаваліся пайсці на флот. Я выбраў прафесію ўрача.

У школе ж вучыўся добра, у атэстаце агульны сярэдні бал быў 4,7 (на той час максімальная адзнака была 5 балаў). Паехаў у Гродна і паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на факультэт лячэбнай справы, які закончыў у 1983-м. Калі ж было вызначэнне спецыялізацыі, выбраў тэрапію.

 

Аматар фэнтэзі

Кнігі ў Аляксандра Усовіча – захапленне даўняе. Дома вялікая бібліятэка мастацкай літаратуры. У асноўным фантастыка, фэнтэзі, дэтэктывы і прыгоды.

– Ніколі іх нават не спрабаваў падлічыць, – завярае Аляксандр Іванавіч. – Шафа кніж ная дома застаўленая ўся, па-ліцы – таксама, нават асобная шафа на балконе.

Раней наведваўся на кніжныя кірмашы ў Мінску на ВДНГ, у букіністычныя крамы і вядомую кнігарню “Светач”.

У асобных месцах актыўнага пакупніка-аматара літаратуры ведалі, давалі зніжкі на прадукцыю. Знаёміўся з навінкамі кнігавыдання так: перабіраў кожную.

– Гэта можна параўнаць з тым, як жанчыны выбіраюць памаду, або абутак, пакуль усё не перабяруць, не пакідаюць свае салоны і буцікі. Так і я, пакуль не пагляджу кожную кніж-ку, вобразна кажучы, забываюся пра ўсё на свеце.

На пытанне, як кнігі дапамагаюць у жыцці, урач пераконвае – знімаюць напружанне, дазваляюць пазбаўляцца стрэсу, разгрузіцца. Праўда, у маладыя гады чытаў больш. Дзякаваць Богу, захаваўся добры зрок, што вельмі важна ў прафесійнай дзейнасці, бо патрабуецца пастаянна глядзець не толькі ў экран камп’ютара, але і ў акуляр эндаскопа.

Шмат кніг з хатняй бібліятэкі Аляксандр Іванавіч перадае ў дар раённай бібліятэцы і сябрам.

 

Пра прафесійнае

Стаць эндаскапістам падбухторыў у свой час Уладзімір Станіслававіч Андроцкі, які быў на той момант начмедам. Спачатку гэта выклікала сумненні, але потым справа пайшла. Два месяцы на спецыяльных курсах праляцелі неўпрыкмет, і з 1989 года Аляксандр Усовіч займаецца эндаскапіяй. У каго раптам праблемы са страўнікам – калі ласка на прыём.

Дарэчы, у эндаскапічным кабінеце маецца яшчэ апаратура для калонаскапіі і бронхаскапіі, пры неабходнасці праводзяцца агляды кішэчніка і бронхаў. Праўда, агляд бронхаў – працэдура вельмі няпростая і адбываецца абавязкова ў прысутнасці ўрача-рэаніматолага.

Нагрузка на кабінет эндаскапіі па нарматывах 7-8 чалавек за змену. Пасля кожнага агляду эндаскоп на працягу гадзіны апрацоўваецца ў спецыяльным агрэгаце, час апрацоўкі фіксуецца ў спецыяльным чэку. Таксама тут бярэцца біяпсія на рак і на бацылу хелікабактэр – узбуджальнік страўнікавых хвароб. Даводзіцца яшчэ даставаць іншародныя целы – не самая прыемная для чалавека працэдура, калі напрыклад, пацыент еў мяса і яно захрасла ў страваводзе.

Самыя напружаныя перыяды выпадаюць на восень, асабліва, калі пачынаецца прызыў у армію. Летам чаргі няма, людзі запісваюцца ўсяго на адзін-два дні наперад. Панядзелак і пятніца – насычаныя дні.

Дапамагае і асісціруе медсястра Марына Адамовіч.

Здараецца, на работу могуць падняць сярод ночы, выпадкі бываюць розныя, нават з унутранымі кровацячэннямі. Карацей, клопату ў прафесійным плане хапае.

 

У пандэмію

Нагрузкі былі высокімі. Да абеду ўрач глядзеў страўнікі, а потым наставала самая няпростая пара дня – Алясандр Іванавіч накіроўваўся ў “чырвоную” зону і ў якасці тэрапеўта разам з іншымі калегамі прымаў хворых да апошняга чалавека. Часам гэта было да дзевяці вечара.

– На Бярэзіншчыне ўсіх ведаю за дзесяцігоддзі работы, і ўсе ведаюць мяне. Ну вось як пацыенту з тэмпературай скажаш: прыходзь заўтра, а сёння я пайду адпачываць? Сумленне не дазваляе. Таму сядзелі на прыёме пакуль не пусцеў калідор.

 

Рухомасці і настрою!

Самая распаўсюджаная страўнікавая хвароба сярод бярэзінцаў і не толькі іх – язва. Раней вясною і ўвосень з-за наплыву пацыентаў было не праціснуцца. Хапала і прабадных язваў, і з кровацячэннямі.

- Апошнія гады сітуацыя значна палепшылася, дзякуючы прэпарату “Амепразол”, які вельмі дапамагае людзям у прафілактыцы хваробы. Між іншым, раней лічылася, што амепразол шкодны для печані, аднак дадатковыя даследаванні дазволілі зрабіць выснову, што лякарства ніякай шкоды не нясе, і ў мэтах прафілактыкі можна ўжываць без абмежаванняў, – сцвярджае ўрач.

Аднак самым дзейсным сродкам прафілактыкі страўнікавых захворванняў па меркаванні Аляксандра Іванавіча з’яўляюцца правільнае харчаванне і здаровы лад жыцця.

– Нашы людзі, як правіла, раніцай перад работай і ў абедзенны перапынак нармальна не харчуюцца, усё на хаду, – падкрэслівае доктар. – Веча-рам жа дабіраюць недахоп калорый звыклым чынам: умоўна кажучы, гатуецца патэльня са смажанай яешняй, салам, мясам, неверагодна яшчэ чым, усё гэта за адзін раз ужываецца, потым у рукі – пульт ад тэлевізара і адпачываць. А гэта няправільна! Маларухомы лад жыцця, алкаголь і цыгарэты таксама вельмі дрэнна ўплываюць на страўнік. Для зда-роўя страўніка трэба абмежаваць вострае, вэнджанае, смажанае і салёнае. Так што жадаю ўсім правільна харчавацца, больш рухацца і захоўваць добры аптымістычны настрой!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER