Больш крэатыўнага свята аграрнікам і не прыдумаеш!

Date 22.11.2021 Man
Comment 682
Больш крэатыўнага свята аграрнікам і не прыдумаеш!

Сапраўднай творчай знаходкай на раённым свяце аграрыяў стаў конкурс сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу “Міс Аграпрам — 2021”.

Падрыхтоўка цягнулася два тыдні і вось у рэшце рэшт на сцэну выйшлі прэтэндэнткі на пачэсную карону. Прызнаць у іх жывёлаводаў, бухгалтараў і іншых спецыялістаў сельгаспрапрыемстваў у прыгожых сукенках, з майкапам і прычоскай ( прызнаюся сумленна) было цяжка. Ды і кожная прыгажуня вылучалася не толькі знешнім хараством і абаяльнасцю, але і багатым светам захапленняў.

Перамагаць трэба прыгожа

Марына Куканега свой узрост не замоўчвае. У свае 27 гадоў яна мае сям’ю і з мужам гадуе дваіх дзяцей. Усе ладзіцца ў яе і на працы, хаця пасаду яна займае складаную. Працуе інжынерам па ахове працы філіяла “Здравушка – агра”.

– Для мяне самае галоўнае – гэта сям’я і дзеці, – лічыць Марына, – а яшчэ пэўная гармонія знешняга і ўнутранага свету. Таму дзеля перамогі ў конкурсе я гатова на большае, але каб гэта ніякім чынам не прыніжала людзей.

Чацвёра дзяцей і “фізрук”

Ксенія Бярозка таксама свой узрост не замоўчвае. Навошта? Яна ў свае 35 гадоў шчаслівая матуля чатырох дзяцей і жывёлавод ААТ “Бярэзінскі”.

– А яшчэ я мару падарожнічаць па свеце, – прызналася Ксенія.

Іграе на віяланчэлі і фартэпіяна

Кацярыне Шлетгаўэр – 19 гадоў і яна бухгалтар ААТ “Багушэвічы”.

– У мяне ёсць свае ўласныя прынцыпы, – заўважыла яна. – Таму дзеля перамогі па галовах хадзіць не буду!

Галоўнае ў чалавеку – дабрыня

Яўгенія Віннік толькі-толькі пачала падарожжа ў дарослае жыццё. Яна бухгалтар і працуе ў ААТ “Першамайскі”. Як і ўсе дзяўчаты ў 19 гадоў, марыць стварыць сям’ю і пераканана, што ў аснове прыгажосці заўсёды ляжыць дабрыня.

– Рызыка – справа высакародная і дзеля перамогі можна рызыкнуць усім, – лічыць Яўгенія.

“Жанчына, у якой ёсць план”

Так называецца ўпадабаная кніга аператара машыннага даення філіяла “АграМАЗ” Лізаветы Свірыд.

– Сапраўдная прыгажосць ідзе ад дабрыні чалавека, – пераканана яна.

Узняцца на Эверэст

І яшчэ скокнуць з парашутатам. Аб гэтым марыць галоўны эканаміст філіяла “ОМА” Настасся Сырэц. Некалі яна займалася гандболам і валейболам. Напэўна, дзякуючы спорту навучылася не пасаваць перад цяжкасцямі.

За свет без кавіду

За гэта шчыра выступае 31 – гадовая кантралёр харчовай прадукцыі Бярэзінскага вытворчага ўчастка “Здравушка – мілк” Ніна Бурцава.

Прыгажосць для мяне – гармонія і свет без кавіду, – гаворыць Ніна, – а самае важнае ў жыцці – сям’я.

Чатыры выхады і буйства талентаў

Ужо гэтага было дастаткова, каб журы на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама Карынай Аруцюнян магло б ужо чухаць патыліцы ў выбары лепшай. А былі яшчэ ў конкурснай праграме чатыры выхады ў кактэйлевай сукенцы, адзенні афіцыйна – дзелавога стылю, народным касцюме і вячэрнім уборы, якія сталі сапраўдным парадам прыгажосці, вытанчанасці, тонкага густу і пэўнай жаночай загадкавасці і лірызму.

У дадатак патрабавалася яшчэ ўзяць у палон сэрцы журы і гледачоў сваім творчым талентам – спевамі альбо вершамі.

Намінацыя – кожнай прыгажуні

І вось надышоў доўгачаканы момант ушанавання пераможцаў. Усе канкурсанткі ў прыемным хваляванні. Яшчэ захоўваецца вялікая інтрыга і першым спяшаецца да мікрафона адзін з членаў журы – дырэктар ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” Сяргей Чэмка:

– Кожная з вас, лічы, ужо пераможца, бо здзейсніла сапраўдны подзвіг і не пабаялася перамагчы сваю сціплую сялянскую натуру і выйсці на вялікую сцэну, паспрабаваць свае сілы ў новых вобразах. Дзякуй вам за гэта шыкоўнае пераўтварэнне і дэфіле, за тое, што вы прымусілі з іншага ракурсу паглядзець на работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны, шчыра падзівіцца знешняму хараству і багаццю душы.

Таму кожная ўдзельніца конкурсу спачатку атрымала падарунак ад сваёй роднай гаспадаркі, а затым была адзначана ў намінацыях. Так, самай арыгінальнай журы назвала Лізавету Свірыд. Стужка “Міс Грацыя” ўпрыгожыла зграбны стан Марыны Куканега, не магло журы не адзначыць артыстычнасць Кацярыны Шлетгаўэр і пачуццё стылю Ксеніі Бярозка, асаблівае натхненне Яўгеніі Віннік, абаяльнасць Ніны Бурцавай і вытанчанасць Настассі Сырэц.

А яшчэ віншаванні, узнагароды і спевы

Узнагароды спраўным бярэзінскім жывёлаводам, механізатарам, спецыялістам і работнікам перапрацоўчай галіны ўручалі старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук, яго першы намеснік Карына Аруцюнян і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч.

– Мы паважаем і шануем вашу няпростую сялянскую справу, ад якой залежыць харчовая бяспека краіны, – падкрэсліў Дзяніс Ігаравіч. – Зычым вам новых працоўных перамог, моцнага здароўя і ладу вашым сем’ям.

Падтрымлівалі святочны і ўзнёслы настрой віноўнікаў свята выступленні артыстаў раёнага цэнтра культуры і шчырыя апладысменты гледачоў, якія такім чынам дзякавалі арганізатарам за яркае і крэатыўнае свята ў гонар бярэзінскіх аграрыяў і перапрацоўшчыкаў.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ і Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER