Хай будзе цёплай восень жыцця

Date 28.09.2023 Man
Comment 2052
Хай будзе цёплай восень жыцця

Напярэдадні Дня пажылых людзей у Бярэзінскім лясгасе арганізавалі перадсвяточную сустрэчу  з ветэранамі працы, каб у чарговы раз выказаць ім словы падзякі за добрасумленную шматгадовую працу і аказаць падтрымку ў цяперашнім іх “залатым” узросце жыцця.

У сталовай лясгаса за чаяпіццем прысутным было аб чым пагутарыць, было што прыгадаць, параўнаць былое з сучаснымі пераменамі і падзякаваць кіраўніцтву арганізацыі за ўвагу да іх - ветэранаў працы.

Многія з ветэранаў працы лясной галіны адпрацавалі ў Бярэзінскім лясгасе больш за 25 гадоў. Штогод кіраўніцтва лясгаса сочыць за юбілейнымі датамі былых работнікаў, штогод віншуе са святамі, дасылае паштоўкі, падтрымлівае іх фінансава. А да Дня пажылых людзей усім пенсіянерам уручаюць харчовыя наборы і мёд уласнай вытворчасці.

І здаецца, у час такіх мерапрыемстваў, у шчырай цёплай атмасферы, далёка на задні план адыходзяць і праблемы са здароўем, і сумныя думкі пра звужэнне кола знаёмых,  і адсутнасць звычайных абавязкаў пасля выхаду на заслужаны адпачынак.

 

 

Іх лёсы цесна спляліся з гісторыяй развіцця прадпрыемства, менавіта іх ручная праца закладвала падмурак для цяперашняй сучаснай магутнасці галіны.

І сёння слова – пра ветэранаў працы.

 

Валянціна Саскавец.

Яна дакладна памятае даты, калі ўладкавалася ў Бярэзінскі лясгас і калі завяршыла тут сваю працоўную дзейнасць.

– Мой агульны стаж, – гаворыць Валянціна Сяргееўна, - складае 37 гадоў. Працавала ў лясгасе з 18 красавіка 1977 года да 25 жніўня 2014-га. Пачынала сакратар-машыністкай, потым – інжынерам па падрыхтоўцы кадраў, інспектарам аддзела кадраў. Вельмі ўдзячна я за ўвагу і клопат пра нас. Прыемна атрымліваць віншаванні да свят, адчуваць што цябе памятаюць і шануюць.

 

Васілій Кавалёнак.

Васілій Уладзіміравіч працаваў вадзіцелем лесавоза “Урал”. Зараз гэтыя магутныя на той час машыны адышлі ў былое, ім на змену прыйшлі шматаперацыйныя харвестары і фарвардары.

- На вывазцы лесу рабіў, пакуль дазваляла здароўе, - гаворыць Васілій Уладзіміравіч, - а потым давялося перакваліфікавацца ў слесара лесанарыхтоўчай тэхнікі, рамантаваў бензапілы, кустарэзы, рабіў шлангі для маніпулятараў… Уносіў свой пасільны ўклад у агульную справу – развіццё нашага лясгаса.

 

Васілій Гормаш.

Васілій Дзмітрыевіч пра сябе адзначае – прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы. Пачынаў свой працоўны шлях майстрам лесу ва Ушанскім лясніцтве, а потым кім толькі ні працаваў – і памочнікам ляснічага, і начальнікам гадавальніка, інжынерам па лесакарыстанні, лесапатолагам, інжынерам па ахове і абароне лесу.

- Так складвалася, што на адной пасадзе я працаваў не больш за 4-5 гадоў, - гаворыць ён, - потым прапаноўвалі перайсці на іншую, і я згаджаўся. Мне было цікава спасцігаць новае, цікава працаваць, ісці “па ўзрастаючай”, бачыць сваё развіццё і развіццё свайго прадпрыемства.

Прыемна, што і пасля выхаду на заслужаны адпачынак не парываецца сувязь з арганізацыяй. Дарэчы, і мой сын Павел падхапіў  “лясную эстафету”, працуе майстрам лесу ў Смалявіцкім лясгасе. У мяне двое дзяцей, сямёра унукаў. Нярэдка наведваю з імі паляўнічы комплекс “Вязычын”, прыязджаем пакарміць аленяй.

 

Васілій Рабкевіч.

Васілій Мікалаевіч перад тым, як уладкавацца ў лясгас, працаваў дальнабойшчыкам 19 гадоў.

– Аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз, усю Расію, - гаворыць ён. – А калі ўладкаваўся ў лясгас, пашкадаваў, што не зрабіў гэтага раней, так тут спадабалася. Спачатку рабіў вадзіцелем, потым вартаўніком у паляўнічым комплексе “Вязычын”.

Зараз у лясгасе працуе яго сын Павел, ён - станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, працягвае сямейную дынастыю.

 

Васілій Анішчонак.

Васілій Сцяпанавіч  сваю працоўную біяграфію ў лясгасе пачынаў памочнікам рамшчыка, потым шчыраваў раскрыжоўшчыкам. Агульны яго працоўны стаж складае тры дзесяцігоддзі.

- Працаваў на эстакадзе, - прыгадвае ён, - пакуль вазілі хлысты. Цяпер гэта ўжо таксама старонкі гісторыі. Прыемна бачыць, як  развіваецца лясгас, мяняецца жыццё, тэхналогіі... Іншы раз неяк засумую па сваіх калегах, па працоўных буднях у лясгасе. Добра, што арганізоўваюць такія сустрэчы, не забываюць пра нас. Парушаюць (у добрым сэнсе) такім чынам прывычнае кола цяперашніх дзён – дом, рыбалка, агарод.

 

Таццяна Поварава.

Таццяна Леанідаўна ўладкавалася ў лясгас у 1996 годзе.

- Доўгі час працавала бухгалтарам у Кукараве, - гаворыць жанчына, – а потым  - майстрам цэха вытворчага майстарскага ўчастка “Беразіно”. Агульны стаж складае 18 гадоў. Зараз на першым плане – сямейныя клопаты.

Таццяна Леанідаўна – шматдзетная матуля і  бабуля дзевяцярых унукаў. Сёлета, 7 студзеня, уся вялікая дружная сям’я збіралася за святочным сталом разам на “залатое вяселле”, каб павіншаваць яе з мужам з 50-годдзем сумеснага жыцця. Дарэчы, з 2014 года Таццяна Леанідаўна ўзначальвае савет ветэранаў у лясгасе.

 

Генадзій Свірыдовіч.

Генадзій Аляксандравіч мае шматгадовы вадзіцельскі стаж. Доўгі час ён працаваў у аўтапарку вадзіцелем аўтобуса, а потым уладкаваўся ў Бярэзінскі лясгас, тут адначасова рабіў і вадзіцелем аўтобуса, і машыністам пагрузчыка на вытворчым майстарскім дрэваапрацоўчым ўчастку “Кукарава”.

- Зараз не даюць сумаваць родныя, - гаворыць Генадзій Аляксандравіч, - у мяне (акрамя жонкі) сын і дачка, два ўнукі, дзве ўнучкі і цешча, якой 97 гадоў!

 

Наталія Красоўская.

– У маёй працоўнай кніжцы толькі адзін запіс, - гаворыць Наталія Уладзіміраўна. - Уладкавалася на працу ў снежні 1983 года і пайшла на заслужаны адпачынак у сакавіку 2018 года. 33 гады прарабіла бухгалтарам на адным месцы. Я – сведка тых перамен, калі на змену ручной працы прыйшлі камп’ютары…

А зараз амаль увесь час гаспадыня “чаруе” на сваёй дачы ў вёсцы Брыялёва: -У мяне там гарбузы і кавуны, кізіл і ківі, бружмель і нават уласныя журавіны.

 

Ганна Казачонак.

Ганна Герасімаўна  доўгі час працавала ў лясгасе поварам катлапункта.

- Гляджу на сучасны будынак сталовай і захапляюся, - гаворыць жанчына, - прыгадваю, у якіх ўмовах, у якім старым будынку даводзілася працаваць раней. Я тады рабіла адна, гатавала комплексныя абеды, а потым іх развозілі брыгадам на лясныя дзялянкі.

У мяне двое дзяцей, сямёра ўнукаў. Дапамагаюць капаць бульбу і хваляць мае закруткі.

 

Міхаіл Клініцкі.

Міхаіл Мікалаевіч жыве ў вёсцы Кукарава, доўгі час ён працаваў лесніком, ведае гэтыя мясціны дасканала, бо за гады працы пратаптаў іх уздоўж і поперак. Жвавы, рухавы, зацікаўлены, ён і зараз заўсёды пры справе. Прыстасаваў стары хляўчук пад майстэрню і стварае там дзіўныя рэчы з драўніны. Самаробны талент рэзчыка па дрэве раскрыўся сам па сабе, хаця спецыяльных інструментаў для гэтага майстар, на жаль, не мае.

А яшчэ вясковы цудатворца працягвае пісаць вершы -  пра жыццё, пра каханне, пра лес: “Тут мох, як коўдра, разаслаўся. Наўкол чарот і верасы. Навек, каб мог, я б тут застаўся, дзе беларускія лясы”.

Ва ўсім свайго творчага чалавека падтрымлівае яго жонка Людміла Ігнатаўна. З ёй выгадавалі траіх дзяцей, маюць шасцярых унукаў.

                                                    * * *

Ідзе час, мяняецца жыццё,  тэхналогіі, і ў  лясной галіне ручная праца саступае перад напорам сучасных машын-аўтаматаў.  Але па-ранейшаму на варце прыроды стаіць чалавек, каб гулка шумелі і купаліся ў промнях залацістага сонца, упрыгожваючы нашу зямлю, лясы.

Няхай плённая праца на карысць нашчадкаў будзе па заслугах ацэнена будучымі пакаленнямі, а беражлівыя адносіны да лесу замацуюцца ў свядомасці кожнага як беражлівыя адносіны да роднага краю і людзей, якія тут жывуць. А такія сустрэчы і надалей дабаўляюць станоўчых эмоцый і яркіх фарбаў у  жыццё. 

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER