Педагагічны сакрэт сям’і Мазнікавых

Date 30.09.2022 Man
Comment 577
Педагагічны сакрэт сям’і Мазнікавых

Вячаслаў і Алена Мазнікавы пазнаеміліся на дыскатэцы ў педагагічным універсітэце. Аднаго позірку ім хапіла, каб зразумець, што гэта сустрэча невыпадковая. Яны ж бязмерна ўлюбёныя ў школу і навучанне дзяцей. Нездарма ж шмат гадоў разам адпрацавалі ў СШ№3 горада. Сёння ж былы гісторык працуе дырэктарам сельскай школы, а яна ў якасці намесніка дырэктара школы наладжвае профільнае навучанне. Да Дня настаўніка нам было цікава пагаварыць з кожным з іх паасобку аб вялікім сакрэце настаўніцтва.

 

 

Школа пачынаецца з дырэктара

З чаго пачынаецца школа? У кожнага свой адказ на гэтае пытанне. Для адных школа пачынаецца з буквара, для другіх – з мілагучнага званка, для трэціх – з прышкольнай тэрыторыі. Аднак усё гэта немагчыма без асобы дырэктара. Ён нібы рэжысёр, які задае патрэбны тон усяму і ўсім у школе.

– Дырэктар школы – гэта не толькі педагог-прадметнік, адміністратар, гаспадарнік, – разважае дырэктар ДУА “Ушанскі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа” Вячаслаў Мазнікаў, – але і псіхолаг, які рэгулюе чалавечыя адносіны. Ды ў адносінах да кіраўніка сельскай навучальнай установы і гэта даволі няпоўны пералік яго абавязкаў. Нават цяжка сказаць, кім яшчэ нам да водзіцца быць, бо заўсёды загадзя распісаны працоўны дзень разбаўляецца іншымі справамі. Трэба ж удзельнічаць у розных нарадах, саветах, камісіях, рабіць тэрміновыя рамонты і справаздачы, сустракацца з мясцовымі ўладамі і бацькамі, ды яшчэ не забывацца выхоўваць дзяцей уласным прыкладам.

Вячаслаў Фёдаравіч вось ужо дзесяць гадоў, як узначальвае сельскую школу і, вядома, прызвычаіўся працаваць ва ўмовах дырэктарскай шматграннасці. Таму на цяжкасці не скардзіцца, а больш гаворыць аб тым, колькі выпускнікоў установы сталі навучэнцамі вышэйшых навучальных устаноў і ўжо вярнуліся дамоў дыпламаванымі спецыялістамі.

– Сёння нашы былыя вучні вучацца не толькі ў тэхнічных, педагагічных і тэхналагічных альма-матэр, – дадае дырэктар, – але і ў медыцынскім універсітэце на бюджэтным аддзяленні. А гэта вялікае дасягненне для школы, дзе ў выпускным класе вучацца ўсяго тры чалавекі. Недасведчанаму падасца гэта дробяззю, але ты паспрабуй падтрымліваць у класе патрэбную матывацыю і наладзіць добрую канкурэнцыю, каб не згасала жаданне ведаць больш, чым напісана ў падручніку, не супакойвацца на ацэнцы і ўвесь час ускладняць сабе задачу. Ды і сапраўднаму педагогу ў такім класе няпроста працаваць. Колькі дома даводзіцца ўсяго пачытаць, перарашаць і перарабіць, ды проста перадумаць, каб усе 45 хвілін урока прайшлі на адным дыханні і пакінулі след у дзіцячай душы. Вось гэта педагагічнае майстэрства і прафесіяналізм!

Гаворыць гэта дырэктар з гонарам і пэўным шкадаваннем у голасе. З гонарам за сваіх калег, якіх бязмерна паважае і стараецца падтрымліваць ва ўсім. А з пэўным шкадаваннем, бо пакуль не ўдаецца зламаць стэрэатып у нашым грамадстве, што вясковаму настаўніку не трэба шмат выкладвацца. Ды і не валодае ён апошнімі тэхналогіямі, а проста адпрацоўвае свае вучэбныя часы.

 – Маё шчырае меркаванне, што гэта далёка не так, бо сёння ствараюцца належныя ўмовы для навучання і выхавання для гарадскіх і сельскіх вучняў, – тлумачыць Вячаслаў Фёдаравіч, – але гэта не гарантуе нам патрэбную якасць ведаў, бо іх даюць не сучасны мультыборд ці інтэрактыўная дошка, а няўрымслівая і ўлюбёная ў справу душа педагога, які можа з дапамогай звычайнага падручніка падарыць дзецям упэўненасць у сваіх сілах, зарадзіць надзеяй на ажыццяўленне самых запаветных мар. І тут сваё слова павінны сказаць кіраўнікі навучальных устаноў, яны ж настройваюць школу на патрэбны лад.

 

А мне і сёння лепш урок аддаць!

У сям’і намесніка дырэктара ДУА “Сярэдняя школа №3 горада Беразіно” Алены Мазнікавай практычна ўсе мелі дачыненне да медыцыны, але яна выбрала для сябе педагагічную сцежку. Паспяхова з дыпломам бакалаўра скончыла біёлага-геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, і вось ужо больш за дваццаць гадоў шчыруе ў школе.

– Лічу, мне пашанцавала з установай, бо лёс накіраваў мяне ў школу, якая заўсёды імкнулася задаваць тон у раёне, – гаворыць Алена Пятроўна. - Тут, дзякуючы педагогам, аднымі з першых наладзілі работу ваенна-патрыятычныя класы, якія далі пуцёўку ў дарослае жыццё не аднаму пакаленню ваеннаслужачых. Ды і дзякуючы нам атрымалі медыцынскую адукацыю шэраг нашых вучняў. Не забывайце, што галоўны ўрач Крысціна Крук – наша вучаніца!

Усе гэтыя поспехі Алена Пятроўна смела падзяляе са школай. За імі стаяла і яе нястомная праца выкладчыка біялогіі. Яна вяла заняткі і ўрокі на паглыбленым узроўні, наладжвала цесную сувязь з выкладчыкамі медыцынскага ўніверсітэта, а яшчэ рыхтавала вучняў да прадметных алімпіяд і разам з імі працава

ла над даследаваннямі, была класным кіраўніком і арганізатарам розных школьных спраў. За актыўнасць, патрабавальнасць і прынцыповасць сем гадоў таму яе прызначылі намеснікам дырэктара школы па вучэбнай частцы.

– Быць адміністратарам у школе вядома няпроста, – говорыць Алена Пятроўна, - гэта ж вялікая адказнасць за ўвесь калектыў, а яшчэ цэлы стос папер і кантроль за працай педагогаў. Праўда, нашым настаўнікам ён не патрэбен. Урокі іх заўсёды на вышыні і падабаюцца вучням.

Сёння навучальная ўстанова рупіцца над наладжваннем профільнага навучання ў старэйшых класах. Ужо добра сябе зарэкамендаваў фізіка –матэматычны профіль, але і вяртае сабе папулярнасць медыцынскі напрамак. – Праўда, тут аднаго жадання вучняў яўна мала, – дадае педагог. – Патрэбна яшчэ шчырая зацікаўленасць бацькоў. Ды і нашым педагогам давядзецца шмат папрацаваць у плане наладжвання якаснага навучання хіміі і біялогіі. Думаю, што мой пэўны вопыт дапаможа ім у гэтым, як і дапытлівыя вочы дзяцей. якія прагнуць стаць медыкамі. Ды і мне ўсё яшчэ вельмі хочацца правесці свае ўрокі ў такіх класах, каб не згубіць сваё жаданне вучыць і вучыцца!

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER