Спагада, каханне і гармонія

Date 30.09.2022 Man
Comment 536
Спагада, каханне і гармонія

Нядаўна сусветна вядомая кіназорка Сафі Ларэн адзначыла свой 88-ы дзень нараджэння. У свае гады гэта ўпадабаная мільёнамі гледачоў ва ўсім свеце жанчына выглядае на “ўра” і смела можа даць форы маладым дзяўчатам. Сваіх сакрэтаў доўгай маладосці і прывабнасці славутая італьянка не замоўчвае – у яе рацыёне заўсёды ёсць якасныя макароны, алей і ананас.

Праўда, па-свойму хітрыць Сафі. Захаваць на дзявятым дзясятку жыцця такі бляск вачэй і энергію адной ежы яўна мала. Тут існуе другі сакрэт. І ім валодаюць не толькі славутыя кіназоркі. Шчыра пагадзілася пагаварыць пра гэта адна з самых прывабных і цікавых жанчын нашага раёна Алена Строк.

 

Спагада лёсу

Бярэзінцы яе добра ведаюць, бо памятаюць гэтую стройную і стыльную жанчыну, якая была заўсёды на абцасах і з прычоскай, на пасадзе дырэктара цэнтральнай бібліятэкі, а маладое пакаленне ўдзячна ёй за ўрокі фларыстыкі, якія яна некалькі гадоў пасля выхаду на пенсію вяла ў Бярэзінскай гімназіі.

Праўда, ужо не ўсе ведаюць, што Алена Міхайлаўна – настаўніцкая дачка. Бацька выкладаў матэматыку, а матуля – мовы ў СШ № 2 горада. Не ведаюць ужо бярэзінцы і пра тое, што, закончыўшы няблага дзесяцігодку, дзяўчына не змагла стаць студэнткай, і пайшла на працу звычайным школьным бібліятэкарам.

– Вялікага шкадавання наконт маіх студэнцкіх мар у мяне няма, – прызнаецца яна, – бо менавіта там я сапраўды знайшла сваё прызванне і атрымала шчаслівую пуцёўку ў жыццё.

Ужо праз 13 гадоў кіраўніцтва раёна прызначыла яе дырэктарам цэнтральнай бібліятэкі. Так Алена Міхайлаўна ў свае 30 гадоў стала самым маладым кіраўніком установы культуры ў вобласці.

– Вядома ж, было няпроста, бо да прамых абавязкаў дабаўляліся шматлікія грамадскія даручэнні, – успамінае яна. – Але я заўсёды прыгадваю тыя часы з цеплынёй. Колькі цікавых мерапрыемстваў прайшло, а з колькімі славутымі людзьмі была я асабіста знаёма.

Наладжваць такія сустрэчы было вельмі няпроста. Але Алене Міхайлаўне ўсё ўдавалася. Ды і хто мог адмовіць такой прыгожай і ўпэўненай у сабе жанчыне?

– Мне давялося шмат папрацаваць над сабой, – гаворыць яна, – і над сваім вобразам. Сёння гэта зрабіць проста, а тады ў нашы часы магчымасцей такіх не было. Я шыла сабе адзенне ў атэлье, заўсёды ў час камандзіровак знаходзіла час пахадзіць па магазінах у пошуках абновак і няхітрай касметыкі.

 

Каханне і павага

Ды і не трэба забывацца пра каханне. Алена Міхайлаўна рана сустрэла свайго суджанага. У дваццаць гадоў пасля танцаў яе праводзіў дамоў прыгажун-практыкант політэхнічнай ВНУ і вось ужо 57 гадоў яны крочаць з ім па жыцці разам.

– Сакрэт нашага сямейнага даўгалецця яму і мне дастаўся ад бацькоў, якія дзясяткі гадоў шчасліва пражылі ў адным шлюбе, – гаворыць  жанчына, – ды і мы ў віхурах жыцця не згубілі сваіх шчырых пачуццяў адзін да аднаго.

Ведаеце, муж і сёння нярэдка прызнаецца мне ў каханні. Зразумела, што гэта ўжо не тыя палкія і гарачыя словы, якія я з вялікім хваляваннем чула ў маладосці, але мне ўсё роўна вельмі прыемна, бо я таксама яго вельмі люблю, паважаю і шаную. Не стамляюся клапаціцца аб ім. Ён дае сэнс майму жыццю на пенсіі, бо ва ўсім падтрымлівае і дапамагае.

 

Гармонія

Няпроста Алене Міхайлаўне, як і ўсім, было адразу пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Але яна рук не апусціла – уладкавалася на працу кіраўніком гуртка фларыстыкі ў гімназію.

– Ведаеце, я дагэтуль бачу свае работы ў розных установах, – гаворыць Алена Міхайлаўна, – і не стамляюся здзіўляцца заўважанай мною прыгажосці прыроды. Ды памятаюць мяне дагэтуль мае вучаніцы. Не ўсе, вядома, з іх сталі выдатнымі майстрамі, але, мяркую, я запаліла ў іх сэрцах гармонію, любоў да прыгожага вакол нас.

Зараз Алена Міхайлаўна не працуе, але без справы і ў нудзе не сядзіць. З ранняй  вясны да позняй восені яна бавіць час на дачы ў вёсцы Красны Бераг. Тут яны разам з мужам займаюцца ландшафтным дызайнам. Дзеля новых відаў раслін не шкадуюць ні грошай, ні сіл.

– Гэта ж так цудоўна – ствараць прыгажосць вакол сябе ўласнымі рукамі, – лічыць Алена Міхайлаўна, – бачыць хараство прыроды на працягу ўсяго дня.

 

І іншае…

Не здрадзіла яна і свайму прафесійнаму захапленню. Па-ранейшаму шмат чытае. Праўда, усё часцей выбірае для сябе творы сучасных аўтараў, але і перачытвае класіку.

Захавала вернасць яна і тэатральнаму мастацтву. Не прапусціла ніводнай прэм’еры спектакля народнага тэатра раённага цэнтра культуры. Ды і дбае пра фізічнае здароўе, займаецца аэробікай і скандынаўскай хадзьбой. А вось за модай ужо не гоніцца, не змагаецца заўзята з маршчынамі.

 – Навошта? – пытаецца яна ў мяне. – Для мяне цяпер галоўнае – ні як выглядаю ў вачах людзей, а як рэальна сябе адчуваю.

Вядома ж, я знаходжу час для сябе, але куды больш прыемна мне проста парадавацца сонейку, аблокам на небе і шчасліваму дню, заўважаць хараство ў звычайных рэчах. Не ў маіх планах успамінаць і шкадаваць аб нечым.

Я жыву выключна сённяшнім днём і будую рэальныя планы на заўтра, бо спяшаюся адчуваць сябе любімай жонкай, добрай бабуляй, вернай сяброўкай і шчаслівай жанчынай, якая нясе пазітыў у гэты свет.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER