Ці помніце вы першую настаўніцу?

Date 30.09.2022 Man
Comment 375
Ці помніце вы першую настаўніцу?

Менавіта з такім пытаннем мы вырашылі звярнуцца да бярэзінцаў напярэдадні прафесійнага свята педагогаў.

Наталля БУРЦАВА, дырэктар Бярэзінскай гімназіі:

– Я закончыла гімназію №1 на Гродзеншчыне ў 1998 годзе. Першы настаўнік і першы ўрок, здаецца, не забываюцца ніколі. Маю першую настаўніцу звалі Любоў Гаўрылаўна Рагоўская, на жаль, яе ўжо няма. Настаўніца ў нас была строгая, у духу старай савецкай школы. Настаўнікі тады былі патрабавальныя, строгія амаль усе. Яны давалі веды і патрабавалі ад нас дакладнага выканання заданняў, таму здараліся розныя нюансы. Помніцца і першая двойка, атрыманая на ўроку матэматыкі з першай настаўніцай. Але на сённяшні дзень успамінаецца ўсё толькі добрае. Тая база ведаў, закладзеная першым настаўнікам, захоўваецца на працягу ўсяго далейшага жыцця. І на аснове асобы першага настаўніка фарміруецца вобраз педагога, які потым суправаджае нас усе далейшыя гады, вучыць адказнасці, дыцыпліне, уменню працаваць і іншаму. Мая першая настаўніца асабіста для мяне – эталон таго, якім павінен быць педагог.

На сённяшні момант мы ўсе працуем у дастаткова складаных умовах, патрабаванні да нас даволі высокія і з боку бацькоў і дзяцей. Улічваючы, што ў сістэме адукацыі з 1 верасня многае змянілася ў асобных падыходах, мы таксама ставімся да сябе больш патрабавальна. Таму хочацца пажадаць настаўнікам, у першую чаргу, здароўя, цярпення, аптымізму, творчых поспехаў, рэалізацыі задумак і працоўных планаў, і вядома ж, веры ў добрае і светлае! Усё ў нас атрымаецца!

Алена БАРЫСЁНАК, балетмайстар РЦК:

 

– Закончыла Бярэзінскую гімназію ў 2011 годзе. Маю першую настаўніцу завуць Ганна Уладзіміраўна Кніга. Яна родам наогул з Расіі, з горада Тула. На жаль, яна з намі правяла толькі тры гады: падрыхтоўчы, першы і другі класы, а потым вярнулася на радзіму.

Запомнілася Ганна Уладзіміраўна на той момант як вельмі добры, адкрыты чалавек, да ўсіх вельмі ўважлівая, усіх любіла, была як другая мама. І вось нават пасля таго, як пераехала на радзіму, яна не забывалася пра нас, былых вучняў, усім пастаянна дасылала паштоўкі на дні нараджэння і нават бандэролі з салодкімі падарункамі, тульскімі пернікамі. І ўжо наш наступны класны кіраўнік Святлана Аляксандраўна Цвілік прымала гэтыя пасылкі, і нам уручала, гаварыла: "Гэта вам ад Ганны Уладзіміраўны прывітанне з Тулы". Было вельмі прыемна ўсім. І зараз гэта ўспамінаецца з душэўнай цеплынёй і пяшчотай. І потым яшчэ на працягу многіх гадоў яна дасылала ўсім віншавальныя паштоўкі. Хачу пажадаць нашым дарагім, любімым настаўнікам здароўя, цярпення, каб яны заўсёды заставаліся ўважлівымі, шчырымі, добрымі і любячымі дзяцей.

Вадзім МАРКОЎСКІ, ахоўнік:

– Вучыўся ў СШ №3, пайшоў туды ў першы клас, калі яна толькі адкрылася. Закончыў у 1995-м годзе. Па праўдзе, запомніліся ўрыўкамі розныя настаўнікі. Вось самая першая настаўніца асабліва не запомнілася, бо пабыла ў нас месяцаў сем, потым выйшла замуж і пераехала ў Барысаў. У астатнім жа пра многіх настаўнікаў можна сказаць шмат добрага. Падчас вучобы, зразумела, усякае здаралася, але помніцца добрае. Найбольшыя ўспаміны звязаныя з урокамі матэматыкі Дзмітрыя Іосіфавіча Мазгова. Здаецца, няма тых вучняў, якія яго не запомнілі. Таксама помняцца настаўнікі чарчэння і гісторыі, цікавыя людзі. У Дзень настаўніка хочацца пажадаць педагогам, каб ніколі не заканчвалася здароўе, псіхалагічная ўстойлівасць і імкненне вучыць дзяцей. Бо здараецца, людзі проста адбываюць час на рабоце, а ёсць тыя, хто напоўніцу адданы справе, імкнецца данесці вучням веды. Дык вось менавіта ім хочацца пажадаць ніколі не губляць гэту цягу да настаўніцкай педагагічнай працы.

Аляксей АСТАПЧЫК, рабочы па абслугоўванні будынка:

– Закончыў у 2000 годзе сярэднюю школу №2. Сваю першую настаўніцу Марыю Іванаўну Пелагейчанка помню вельмі добра. Вельмі добрая настаўніца, аднолькава любіла ўсіх вучняў у класе. І ў яе не было любімчыкаў, нейкіх асаблівых дзяцей. І на дадзены момант многія яе помняць, вітаюцца пры сустрэчы. Асабіста ў мяне захаваліся ўражанні пра яе, як пра цудоўную настаўніцу. Прыемных момантаў успомніць можна шмат: і манеру выкладання матэрыялу, і агульную атмасферу ўрока, і шмат іншага. Марыя Іванаўна не раз гаварыла: “Здольных вучняў шмат, але яны лянуюцца”, што не перашкаджала ёй ставіцца да нас з сапраўднай мацярынскай любоўю. Зараз яна на пенсіі і працуе тэхнічным работнікам у цэнтральнай бібліятэцы. Хочацца на свята выказаць падзяку за работу не толькі першай настаўніцы, але і ўсім педагогам. Бо ў малым узросце не разумееш на ўсе сто, што веды спатрэбяцца. Гэтае ўсведамленне прыходзіць потым разам з узростам. Дык вось усім ім – вялікі дзякуй! Таксама жадаю дарагім настаўнікам заўсёды быць здаровымі, мець усё патрэбнае для жыцця і заўжды адчуваць радасць ад прафесійнай дзейнасці.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER