Навошта педагогам спартыўныя заняткі?

Date 30.09.2022 Man
Comment 473
Навошта педагогам спартыўныя заняткі?

З самых даўніх часоў прафесія настаўнік лічыцца адной з самых важных і патрэбных. Практыкай даказана: настаўнік – гэта не прафесія, а прызванне. Каб вучыць дзяцей, не проста атрымаць дыплом. Патрэбна любіць сваю работу, вучняў, а бывае, нават ахвяраваць нечым у імя гэтай справы.

На гэту тэму напярэдадні Дня настаўніка я вырашыла падыскутаваць з галоўным спецыялістам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Ірынай Зябко.

Тыя людзі, якія выбралі ў жыцці прафесію не па душы, як правіла, не затрымліваюцца доўга ў школе.

– Што ж такое прызванне, прафесія? Мяне заўсёды цікавілі гэтыя словы. Вядома, што прызваннем называецца ўнутраная дома я цяга і здольнасць да якой-небудзь справы, прафесіі. А прафесія – гэта асноўны від працоўнай дзейнасці, які патрабуе пэўнай падрыхтоўкі і з’яўляецца галоўнай крыніцай існавання. Можна атрымаць прафесію настаўніка, не маючы прызвання да яе. Многім жа дзецям бацькі настойліва раяць, куды пайсці вучыцца. Дзіця слухае, не выказваючы сваёй думкі. Чалавеку хапіла ведаў, каб закончыць педагагічны ўніверсітэт.

– Але ён ідзе на працу і разумее, што гэта не яго прызванне. Ён сам з неахвотай ідзе ў школу, урокі такога настаўніка нудныя і нецікавыя. Тады малады педагог разумее, што ён памыліўся ў выбары прафесіі і назаўсёды пакідае школу. Таму настаўнік для мяне і большасці людзей – гэта асаблівая прафесія, і выбірае яна асаблівых людзей. Паверце, іх нямала ў нашым раёне і яны патрабуюць да сябе павагі. Ім Бог даў дар вучыць дзяцей і яны не маюць права яго згубіць. У іх жыцці прызванне і прафесія ідуць поруч.

 

Настаўнік не належыць сабе

– Педагог павінен шчыра любіць дзяцей, адносіцца да іх як да роўных для таго, каб дзеці паверылі яму, каб дзяліліся сваімі поспехамі, праблемамі, радасцю. Гэта вельмі складана, бо ў кожнага вучня свая асабістая біяграфія, свой лёс., ды і яму бязмерна хочацца, каб яго выслухалі і яму паверылі.

– Гэта, сапраўды, так. Школьнае жыццё настаўніка для кожнага сваё. Хтосьці прыходзіць на працу для таго, каб зарабіць грошай, хтосьці – адпрацаваць гады пасля вучобы ў навучальнай установе. Аднак, сыходзячы з майго вопыту добрых і чулых педагогаў значна больш. Нашы ж дзеці ходзяць з нейкім асаблівым настроем на ўрокі. Трэба аддаць належнае – часам цяжка данесці матэрыял да кожнага вучня на ўроку. Але яны робяць усё магчымае, выкарыстоўваюць разнастайныя метады і прыёмы ў сваёй працы для таго, каб больш даходліва данесці матэрыял да сваіх любімых вучняў, бо кожнаму настаўніку прыемна ганарыцца сваімі вучнямі. Настаўнік – гэта стан душы, лад жыцця.

– Заўважана: побач са сваімі вучнямі настаўнік забывае пра свой узрост, ён ідзе па шляху жыцця і ведаў, радуецца з вучнямі, засмучаецца, калі штосьці не атрымліваецца, вучыць пераадольваць цяжкасці. Настаўнікі не проста ходзяць на работу, распрацоўваюць і праводзяць урокі, яны ствараюць асобу дзіцяці. А для гэтага настаўнік сам павінен быць Асобай.

- Галоўная мэта педагога – навучыць дзяцей не толькі чытаць, пісаць, лічыць, а быць сапраўднымі людзьмі. Нездарма ж выпускнікі школ імкнуцца падтрымліваць сувязь з ім і ў дарослым жыцці, і нават самі пракладваюць свае педагагічныя сцежкі ў жыцці. А гэта лішні раз пераконвае, што настаўнік выбраў правільны жыццёвы шлях.

Сапраўдны настаўнік – гэта прафесія плюс прызванне. Калі прафесія і прызванне супадаюць, чалавек шчаслівы сам і прыносіць шчасце другім.

– Зацікавіць, нават заінтрыгаваць – вось галоўная на сёння задача настаўнікаў. Урок можа быць розным па зместу, але такім, каб дзецям было цікава, каб яны хацелі вучыцца. І тут, што параіце педагогу ў якасці матывацыі?

– Вядома ж кожны дзень укладваць у галаву дзіцяці веды, прымушаць яго паверыць у асабісты талент няпроста. Таму не менш важна і добраму настаўніку самому не расчаравацца ў сваёй справе. У такім выпадку у мяне адна парада калегам. Знайдзіце час і для сябе. Так, у свой час мы з мужам захапіліся спортам, пачалі разам бегаць вечарамі, уцягнулі ў гэту справу дзяцей. У выніку не толькі ўмацавалі здароўе, але і палепшылі свой настрой, бо сустрэлі ў ходзе розных спартыўных спаборніцтваў мноства аднадумцаў, умацавалі аўтарытэт сярод дзяцей і галоўнае – знайшлі у сабе сілы рухацца наперад. Таму, паважаныя педагогі, я запрашаю вас за новымі ідэямі не на семінар альбо трэнінг, а ў спартыўную залу і на стадыён! У новым для сябе захапленні вы абавязкова адчуеце моцны прыліў сіл і ўпэўненасці ў сваёй справе!

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алны ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER