Лепш, калі старасць у радасць

Date 30.09.2022 Man
Comment 165
Лепш, калі старасць у радасць

Згадзіцеся, неяк не паварочваецца язык назваць святам Дзень пажылых людзей.

Аднак 1 кастрычніка, калі гэты дзень традыцыйна адзначаецца ў нашай краіне, з’яўляецца цудоўная магчымасць яшчэ раз успомніць пра людзей паважанага ўзросту, сваіх і суседскіх бабуль і дзядуляў, якія жывуць побач, прыгадаць пра іх клопаты і праблемы, па меры магчымасці дапамагчы. Ды і проста сказаць добрае слова, усміхнуцца, падзякаваць за працу, падтрымаць маральна – ужо вялікая справа.

Чым жывуць сёння пажылыя людзі, як клапоціцца пра іх дзяржава? На гэтую і спадарожныя тэмы мы паразмаўлялі з начальнікам аддзела пенсійнага забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Бярэзінскага райвыканкама Вольгай Хацько.

– Вось часам старыя ўздыхаюць: “Старасць – не радасць, горб – не карысць”. Як вы лічыце, ці мае гэты выраз права на існаванне, наколькі ён актуальны?

– Спачатку прывяду дакладныя лічбы. На Бярэзіншчыне пражывае звыш 5 тысяч пажылых людзей. Пенсію па ўзросце атрымліваюць 5126 чалавек, сацыяльную пенсію – 231. Ёсць 4 доўгажыхары, узрост якіх 100 гадоў і вышэй.

Гэта Васіліна Камлёнак з Беразіно, Марыя Собаль з вёскі Вусце Багушэвіцкага сельсавета, Марыя Крывашэй з Багушэвіч, Ніна Баразнёнак з вёскі Чырвоная Зорка Багушэвіцкага сельсавета. Варта зазначыць: нягледзячы на ўзрост, пераважная большасць нашых пажылых людзей застаюцца маладымі душой. Наогул, мне здаецца, слова “старасць” у нашым лексіконе быць не павінна. Няма такога паняцця! Ёсць людзі паважанага, сталага ўзросту. А сталасць – гэта не старасць. Ну якая старасць, калі чалавек энергічны, поўны сіл, энергіі, жадання працаваць!? Можна зрабіць выснову, што ад кожнага чалавека залежыць, наколькі гэтае сумнае выказванне падыходзіць да яго асабістага жыцця і кожны сам адказвае на гэтае пытанне: у радасць яму старасць ці наадварот. Несумненна, калі чалавек выходзіць на пенсію, развітваецца з калегамі, звычным працоўным калектывам, гэта самы вялікі стрэс для пажылога чалавека. Усё можна зразумець: чалавек на працягу жыцця быў пры справе, запатрабаваны – прымаў рашэнні, нечым быў заняты, добра працаваў, некуды спяшаўся. Усе сістэмы арганізма ўжо прывыклі да напружанага рытму. І раптам, амаль нечакана, нічога гэтага ўжо не трэба, звычныя вялікія нагрузкі знікаюць у адзін момант. Для арганізма і асабістага ўспрыняцця гэта немалы стрэс.

Псіхалагічны аспект дадзенай сітуацыі таксама мае шмат пытанняў. І вось калі чалавек аказваецца непадрыхтаваным да новага ўласнага стану, ён, з-за перанесенага стрэсу можа ўпасці ў дэпрэсію, набыць хваробы. Мяркую, адсюль і пачынаюцца карані народнай прымаўкі “Старасць – не радасць”. Дарэчы, гэтымі словамі можна апраўдаць таксама ўласную ляноту і нежаданне змірыцца з новымі ўмовамі існавання.

Таму варта загадзя рыхтавацца да непазбежнага перыяду пенсіі, знаходзіць новае прымяненне ўласным здольнасцям, напрыклад, у выхаванні ўнукаў, клопаце аб сям’і, ці пошуку карысных захапленняў. Несумненна для кожнага знойдуцца рэчы, якімі ніколі не займаўся, хтосьці пачынае вырошчваць кветкі, садзіць дрэвы, плесці кошыкі, вучыцца плаваць у басейне, маляваць – заняткаў шмат.

– І ўсё ж, чым яшчэ аблегчыць існаванне людзей прыгаданага ўзросту, асабліва калі вылезлі прафесійныя “балячкі”, ды хваробы псуюць настрой?

– Па-першае, маральнай падтрымкай і добрымі адносінамі. Шчыра раю маладым людзям, юнакам і дзяўчатам, не забываць вядомую ісціну: трэба адносіцца да людзей так, як хочаш, каб адносіліся да цябе. Як вы да пажылых сёння – так і да вас заўтра. Самае ж галоўнае і важнае – увага і павага да пажылога чалавека. Напрыклад, наведвальнікі нашага аддзела – пераважна пажылыя людзі, і мы стараемся кожнага з іх сустракаць з усмешкай, распытвацца пра здароўе, імкнёмся для кожнага знаходзіць патрэбнае і добрае слова, сказаць камплімент. Для пажылога чадавека вельмі важна адчуць падтрымку, уласную запатрабаванасць і непакінутасць. Мы стараемся, каб людзі не выходзілі ад нас расчараванымі ці пакрыўджанымі, прыгнечанымі. Асобная ўвага ветэранам працы. І не толькі з нашага боку. Хочацца прывесці ў прыклад шматлікія ўстановы, арганізацыі і прадпрыемствы Бярэзіншчыны, такія, як райвыканкам, лясгас, цэнтральная бальніца, райспажыўтаварыства, вузел сувязі і іншыя – мне здаецца, там ніводзін ветэран працы ніколі не застаўся незаўважаным, асабліва дзякуючы прафсаюзам. На ўсе прафесійныя і іншыя святы там не забываюць павіншаваць ветэранаў, запрашаюць іх на сустрэчу з калектывам, скажуць ім слова добрае, салодкі стол накрыюць. Людзям прыемныя такая ўвага і пашана. Наша ўпраўленне таксама віншуе састарэлых з днямі нараджэння, дзяржаўнымі святамі.

– Самы час паразмаўляць пра дапамогу, якую аказвае пажылым людзям дзяржава.

– Дзяржава пажылым людзям удзяляе павышаную ўвагу.

Эфектыўна дзейнічае сістэма сацыяльнай абароны пажылых людзей, якая гарантуе стабільнае пенсійнае забеспячэнне, прадастаўленне розных ільгот, матэрыяльнай дапамогі, абслугоўванне і дапамога на даму і іншае. Сёлета двойчы было павышэнне пенсіі, у сакавіку і жніўні. Пенсіянерам, якія дасягнулі 75-гадовага і 80-гадовага ўзросту, прадугледжаны надбаўкі да пенсіі. Таксама выплачваецца дапамога пенсіянерам з 1 групай інваліднасці, якім патрабуецца догляд. Пажылыя інваліды атрымліваюць кампенсацыю на набыццё падгузнікаў, упітваючых трусоў і прасцін (пялюшак), уралагічных пракладак (укладышаў), аднаразовую сацыяльную дапамогу, штомесячную дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу.

А наш Бярэзінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – сапраўдны сябар пажылых людзей. Тут дзейнічаюць аддзяленні дзённага знаходжання, кругласутачнага абслугоўвання, дапамогі на даму, працуюць гурткі, аказваецца матэрыяльная, псіхалагічная дапамога пажылым людзям. Таму запрашаем усіх – ніхто сумаваць не будзе.

– Што пажадаеце людзям паважанага ўзросту?

– Безумоўна, моцнага здароўя, даўгалецця, удзячных, любячых і любімых дзяцей. Будзьце заўсёды бадзёрымі, вясёлымі, моцнымі духам, маладымі душой. Не апускайце рукі, знайдзіце сабе годны занятак па душы, які б радаваў вас і дадаваў станоўчых эмоцый. Тады старасць, сапраўды, будзе радасцю. І яшчэ, хачу засяродзіць увагу – многае ў жыцці пажылога чалавека залежыць ад сям’і, ад дзяцей – бадай гэта самае галоўнае, бо як бы мы ні стараліся, але калі дзеці кінулі бацькоў і праведваюць іх раз у годзе ў лепшым выпадку, то той самы стрэс, нервовае напружанне ў пажылога чалавека ніколі не згаснуць. Таму звяртаюся да дзяцей, не забывайце сваіх бацькоў, тэлефануйце, прыязджайце – рабіце прыемныя сюрпрызы.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER