Аб чым шкадуе наша самая актыўная падпісчыца?

Date 27.01.2023 Man
Comment 309
Аб чым шкадуе наша самая актыўная падпісчыца?

Галіна Баброўская ў наступным годзе будзе адзначаць 85-гадовы юбілей. Сакрэт даўгалецця яна тлумачыць проста: трэба больш рухацца, шмат чытаць, любіць сваю справу і людзей, не зайздросціць нікому ні белай, ні чорнай зайздрасцю.

А яшчэ, заўважае жанчына, рэгулярна выпісваць раённую газету “Бярэзінская панарама”. Яна займае пачэснае месца на яе століку разам з лекамі, мабільным тэлефонам, пудрай і губной памадай перад тэлевізарам у самым вялікім пакоі.

 

З 1965 года і па сённяшні дзень

З раённай газетай Галіна Васільеўна сябруе аж з 1965 года. Пачала яе выпісваць адразу, як прыехала сюды працаваць намеснікам старшыні райвыканкама. Наш па тым часе маленькі драўляны горад амаль нічым не запаў ёй у душу, але яна прыкіпела да яго ўсім сэрцам. Тут Галіна Васільеўна ў свой час слыла самым лепшым і прынцыповым эканамістам, бо не раз выратоўвала прадпрыемствы ад банкруцтва, першай пачала займацца пытаннямі прыватызацыі і рэальна стаяла ля вытокаў малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёне, тут яна хутка зарабіла сабе аўтарытэт сярод калег і павагу людзей за настойлівасць, сумленнасць і ўменне несці адказнасць за кожнае слова. Аб тых слаўных часах працоўнай дзейнасці ёй нагадвае сёння Грамата Вярхоўнага Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Тут, у Беразіно, яна, вясковая дзяўчына з Клічаўскага раёна,

знайшла ўласнае шчасце – нарадзіла і паставіла на ногі дваіх дзяцей, на роўных з імі выхавала і пляменніка, была шчаслівай у шлюбе і спраўнай гаспадыняй падворка. Нават у той час, калі жыла ў кватэры па вуліцы Маякоўскага, трымала ў хлеўчуку парася. Увесь гэты час раёнка нязменна прыходзіла ў яе сям’ю. І калі выйшла на заслужаны адпачынак у 1993 годзе, Галіна Васільеўна не змяніла сваіх прыхільнасцей і па-ранейшаму з нецярпеннем чакае кожнага выпуску газеты.

 

Галоўнае – чытаць

– Вы ведаеце, я з маленства не ўяўляю дня без чытання, – расказвае яна пра сябе. – Праз яго і добра вучылася.

Магла б стаць настаўнікам матэматыкі, але вось свой лёс не падманеш. Скончыла спачатку фінансава-эканамічны тэхнікум, затым завочна атрымала вышэйшую адукацыю. Ды і навучылася ўважліва з алоўкам у руках чытаць газетныя артыкулы, каб потым на сесіях і сходах аргументавана разважать пра эканамічнае развіццё і знаходзіць выйсце з розных сітуацый.

Я ж у свой час курыравала пытанні прамысловасці, транспарту, бытавога абслугоўвання і сацыяльнага забеспячэння. Паверце, дзейнасць прадпрыемстваў у савецкі час патрабавала вялікай хваткі і ініцыятывы ад эканамістаў, а не ішла, як цяпер разважаюць, толькі згодна з дырэктывай партыі.

Звычку сваю ў чытанні і сёння Галіна не згубіла, бо яна на старасці гадоў упадабала чытаць дэтектывы. Спачатку брала кнігі ў бібліятэцы, а зараз перачытвае са сваёй уласнай. У яе доме дагэтуль шмат самых розных кніг у шафах. Але яны ніколі не ідуць у жанчыны на роўных з раённай газетай.

 

Да “БП” – асаблівая любоў

– Чытаю ў “Бярэзінскай панараме” ўсё, як кажуць, “ад коркі да коркі”, – зазначае наша актыўная падпісчыца. – У час працы вельмі цікавілася матэрыяламі на вытворчыя тэмы, асабліва любіла артыкулы пра прадпрыемствы і працавітых людзей. Ведаеце, як бярэзінцы ганарыліся сваімі працоўнымі поспехамі, якое гэта было для іх шчасце стаць героем публікацый, асабліва на першай паласе. Вядома, усё зараз змянілася, але газета і тады і сёння цвёрда трымае руку на пульсе навін раёна.

Праўда, у пытлівай і начытанай падпісчыцы ёсць свае патрабаванні да любімай газеты.

– Ведаеце, газета для мяне – сваеасаблівая ежа для душы, – лічыць Галіна Васільеўна. – Яна павінна людзей не толькі інфармаваць і рапартаваць аб дасягненнях і поспехах, а вучыць чытача разважаць, аналізаваць, думаць, абуджаць пэўныя пачуцці і штурхаць да вырашэння сваіх задач. Вось чаму я дзвюма рукамі выступаю за аўтарскія аналітычныя публікацыі, цікавыя нарысы пра людзей працы. Ды і хочацца, каб мясцовыя журналісты, як і аўтары дэтэктываў, не “глушылі” чытача сваімі ацэнкамі і характарыстыкамі, абвяшчэннем розных акцый, а самі падштурхоўвалі яго да ўласных разваг, вучылі бачыць незвычайнае ў звычайным.

 

Не бойцеся пытацца і сумленна адказваць

Галіне Васільеўне падабаюцца ў газеце розныя рубрыкі, але асабліва, калі адказваюць на пытанні бярэзінцаў мясцовыя ўлады.

– У час маёй працы матэрыялаў практычна не было, – расказвае яна. – Вельмі шкада, магчыма тады здолела б дапамагчы многім бярэзінцам не згубіць свае грашовыя зберажэнні. Ведаеце, у 80-90-ыя гады мінулага стагоддзя менавіта я займалася пастаноўкай людзей на чаргу ў набыцці аўтамабіля. Штомесяц яна прырастала 50 і болей заявамі, а машын прыходзіла адна-дзве. Што мы тады маглі зрабіць? У колькіх людзей гадамі назапашаныя грошы праз гэтае чаканне ўласнага аўто ўмомант “згарэлі”! Таму даю параду чытачам: не саромецца задаваць нязручныя пытанні мясцовай уладзе, а кіраўнікам параю – заўсёды быць сумленнымі перад людзьмі. Ад гэтага выйграюць усе: і наша любімая газета, і наша грамадства, і наша дзяржава.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Рубрики: