Наша памяць не сцярэцца

Date 21.03.2023 Man
Comment 402
Наша памяць  не сцярэцца

Дзмітрый МАСКАЛЬКОЎ, кантралёр кантрольна-прапуск-нога пункта Бярэзінскага аддзялення Дэпартамента аховы:

– Хатынь – гэта перш за ўсё памяць. Наша памяць, якая існуе і павінна жыць сярод нас, беларусаў. А яшчэ гэта бесчалавечнасць. Тых катаў, якія ўчынялі сапраўдны генацыд над нашым народам. Ім няма і не павінна быць прабачэння. Балюча ўсведамляць, што гэтую трагедыю фашысты ажыццяўлялі не без удзелу здраднікаў-паліцаяў – прадстаўнікоў нашых жа славянскіх братоў.

Хатынь уяўляе сабой мемарыял усёй нашай рэспублікі. Але ж “сясцёр” гэтай вёскі нямала па ўсёй нашай краіне, у тым ліку на Бярэзіншчыне. І яны не даюць нам забыць мінулае.

 

Дзяніс ВАЙЦЯХОВІЧ, вучань пятага класа гімназіі:

– Пра Хатынь, зразумела, ведаю. Там была страшная трагедыя, бо ўсіх людей гэтай вёскі фашысты сагналі ў хлеў і спалілі жывымі. Гэта ж якімі трэба быць нелюдзямі! Пра падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны нам часта расказваюць у нашым музеі. І пра Хатынь таксама.

 

Лізавета САСКАВЕЦ, вучаніца пятага класа гімназіі:

– Я таксама часты наведвальнік нашага школьнага музея і чула пра страшную трагедыю нашай беларускай вёскі. А яшчэ ў інтэрнэце чытала, што ў той страшны дзень з агню змаглі выратавацца толькі шэсць чалавек, астатнія згарэлі зажыва. Нават чытаць пра гэта жахліва.

 

Бажэна КАРБАНОВІЧ, вучаніца пятага класа гімназіі:

– Пра здзекі фашыстаў у час вайны ведаю не толькі з расказаў пра Хатынь. Чула пра такі выпадак той трагедыі: калі людзей пачалі расстрэльваць, адна маці закрыла сваімі грудзямі сына, і толькі дзякуючы гэтаму ён змог выжыць.
Чытала і пра тое, як немцы катавалі людзей – выганялі голымі на люты мароз, рабілі фотаздымкі са сваімі ахвярамі пасля таго, як закатавалі іх, прыстаўлялі да галавы пісталет і забівалі. Так страшна!..

 

Аляксандр ЦЫБУЛЬКА, старшыня Пагосцкага сельвыканкама:

– На тэрыторыі нашага сельсавета ёсць “свая Хатынь” – вёска Тоўсціца, жыхароў якой расстралялі фашысты, з-за чаго вёска пасля вайны не аднавілася, на дулебскіх могілках толькі стаіць помнік тым ахвярам. І гэта не адзіны манумент на тэрыторыі Савета. Яны знаходзяцца пад пастаянным наглядам – за імі замацаваны вытворчыя калектывы горада і раёна. Уважліва ставяцца да даручанай справы аўтапарк №22, вузел электрасувязі, СУП “АграМАЗ”, ЗАТ “Клявіца”, Мачаскае лясніцтва. Пакуль жыве наша памяць пра вайну, лічу, яна не павінна паўтарыцца.

А Хатынь… Кожны мой візіт туды не абыходзіцца без слёз і хваляванняў. Быў там чатыры разы, апошні раз тры гады назад.

 

Мая ЛАДУЦЬКА, жыхарка г. Беразіно, 1940 года нараджэння:

– Пра вайну нічога не памятаю, а тыя драбніцы, што захаваліся ў дзіцячай памяці, імкнуся не кратаць: вельмі балюча. Вайна зрабіла мяне сіратой, бо тата так і не вярнуўся з фронту. Нават невядома, дзе ён загінуў і спачывае, бо ў пахаванцы было сказана, што ён прапаў без вестак.

Не салодка было і тым, хто апынуўся пад пятой нямецкага бота. Так, пра Хатынь чула і ведаю. Ведаю, што і на тэрыторыі нашага раёна ёсць спаленыя вёскі. Шмат гора нарабіла вайна. Няхай яна мінае нас!

 

Вераніка АЎТУХОВІЧ, жыхарка г. Беразіно:

– Я – прадстаўнік маладога пакалення. Пра вайну ведаю толькі з кніжак. Ведаю таксама, што ў ёй удзельнічалі мае прадзед і прабабуля. Для мяне  вайна – гэта шмат болю і гора. Не хацелася б паўтарэння такой бяды. І ў сваіх памкненнях, упэўнена, я – не адзіная.

 

Яўген ТАРАСЁНАК, член маладзёжнага парламента пры Бярэзінскім раённым Савеце дэпутатаў:

– Наша сённяшняе пакаленне не ведае, што такое вайна. Але калі мы бачым па тэлебачанні або ў інтэрнэце хроніку баявых дзеянняў у той ці іншай напружанай кропцы свету, то ўяўляем сабе, як гэта страшна і небяспечна. Гэта ж колькі давялося нашаму народу перажыць за час ваеннага ліхалецця, колькі мільёнаў жыццяў было загублена.

І гінулі ж не толькі салдаты на фронце, а, што самае крыўднае, мірныя, ні ў чым не павінныя людзі – жанчыны, дзеці, старыя. Сёлета спаўняецца 80 гадоў хатынскай трагедыі. А колькі падобных хатыней было на беларускай зямлі, колькі людзей загінула ад фашыстаў! Мы памятаем пра тыя ахвяры і абавязкова перададзім гэтую памяць наступным пакаленням.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER